Прэс-цэнтр Навіны

Дні факультэта замежных навучэнцаў праходзяць у ГДМУ

12 красавіка 2022 — 16:39

У Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце стартавалі традыцыйныя Дні факультэта замежных навучэнцаў і XX студэнцкі фестываль нацыянальных культур-2022 “Мы розныя, але мы разам”.

Удзел ва ўрачыстым мерапрыемстве з нагоды адкрыцця прынялі рэктар ГДМУ Ігар Георгіевіч Жук, прарэктар па выхаваўчай рабоце Ігар Пятровіч Багдановіч, дэкан факультэта замежных навучэнцаў Аляксандр Аляксандравіч Сцянько, намеснікі дэкана Людміла Мікалаеўна Гушчына, Зоя Пятроўна Лемяшэўская, намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце Надзея Аляксееўна Мішонкава, выкладчыкі кафедры фізічнага выхавання і спорту.
Ігар Георгіевіч Жук павіншаваў выкладчыкаў і студэнтаў з адкрыццём Дзён факультэта і адзначыў, што факультэт замежных навучэнцаў – самы яркі ў нашым універсітэце.

– Кожны студэнт факультэта замежных навучэнцаў прадстаўляе сваю краіну, культуру, мову, гісторыю народа і дзяржавы. Мы, у сваю чаргу, ствараем усе ўмовы для таго, каб вы расказалі пра сваю краіну, сяброў, родных і блізкіх і знаходзілі тут новых сяброў. Рэспубліка Беларусь – гасцінная краіна, і ў гэтым годзе мы ў чарговы раз будзем праводзіць Фестываль нацыянальных культур. Да ўдзелу ў ім запрашаем і вас.

Аляксандр Аляксандравіч Сцянько адзначыў, што ў ГДМУ створаны ўсе магчымасці для атрымання ведаў і самарэалізацыі замежных навучэнцаў у вучобе, спорце і іншых сферах:

– У гэтым годзе студэнцкі фестываль нацыянальных культур ГДМУ святкуе свій 20-гадовы юбілей. Для нас гэта своеасаблівая рэпетыцыя перад Рэспубліканскім фестывалем нацыянальных культур, які адбудзецца ў пачатку чэрвеня і дазволіць замежным навучэнцам праявіць сябе з творчага боку, прадэманстраваць унікальнасць сваёй культуры і традыцый.

Урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя XX студэнцкаму фестывалю нацыянальных культур-2022 і Дням факультэта замежных навучэнцаў, адкрылі святочнымі выступленнямі студэнтаў ФЗН. Творчыя нумары падрыхтавалі прадстаўнікі зямляцтваў Нігерыі, Мальдываў, Індыі, Туркменістана.

У першы дзень адбыліся спартыўныя спаборніцтвы сярод замежных навучэнцаў пад назвай “Спорт для ўсіх”. Удзел у іх прынялі каманды Індыі, Шры-Ланкі, Мальдываў, Туркменістана, Нігерыі, а таксама госці з ГДУ імя Янкі Купалы. У праграму спаборніцтваў уключылі шашкі, дартс, тэніс, бадмінтон. Таксама сярод студэнтаў правялі аматарскі турнір па гульні ў крыжыкі-нулікі. Спартыўныя спаборніцтвы традыцыйна прыцягваюць вялікую колькасць студэнтаў.

Надзея Аляксееўна Мішонкава расказала, што ў гэтым годзе праграму традыцыйнага свята факультэта пашырылі. Напрыклад, спаборніцтвы па футболе, баскетболе, валейболе і іншых гульнявых відах спорту правялі да афіцыйнага старту фестывалю, а творчыя нумары паказалі на яго адкрыцці.

– Раней для вялікага творчага калейдаскопа мы вылучалі асобны дзень. Аднак сёлета яго заменіць святкаванне вялікага нацыянальнага свята Шры-Ланкі – сустрэча Новага года «PULSE-22». Студэнты вельмі чакалі гэтае свята і доўга да яго рыхтаваліся. Вынікам стане вялікі канцэрт, які пакажа культурную разнастайнасць народаў – сінгальцаў, тамільцаў, шры-ланкійцаў і іншых. Таксама ў гэтым годзе мы запрасілі замежных студэнтаў з ГДУ імя Янкі Купалы – звычайна замежныя студэнты ГДМУ прыходзяць да іх у госці.
 
Тыдзень Дзён факультэта замежных навучэнцаў і юбілейнага студэнцкага фестывалю нацыянальных культур будзе насычаным. 15 красавіка ў актавай зале адбудзецца канцэртная праграма зямляцтваў Шры-Ланкі (16.30), 18 красавіка ў аўдыторыі № 9 галоўнага корпуса пройдзе II Міжнародны круглы стол “Мы розныя, але мы разам”. Сутрэча з выпускнікамі факультэта замежных навучэнцаў ГДМУ (15.00). Таксама ў гэты дзень замежныя студэнты ГДМУ, ГДАУ, ГДУ імя Янкі Купалы і беларускія студэнты ГДМУ стануць удзельнікамі інтэлектуальнай гульні (17.00, аўд. № 5). 19 красавіка студэнтаў запрашаюць на дэбаты, тэма якіх будзе прысвечана здароўю (17.30). Падвядзенне вынікаў адбудзецца 20 красавіка.


Матэрыял падрыхтаваў аддзел па сувязях з грамадскасцю і маркетынгу
Фота Аляксандра Мінько


 

Назад