Прэс-цэнтр Навіны

ГрДМУ прыняў удзел у анлайн-канферэнцыі ў сферы адукацыі паміж вышэйшымі навучальнымі ўстановамі Гродзенскай вобласці і правінцыі Ганьсу

23 снежня 2022 — 13:25

Удзел у анлайн-канферэнцыі прынялі прадстаўнікі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта, прадстаўнікі Пасольства Рэспублікі Беларусь у КНР, а таксама прадстаўнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі Гродзеншчыны: універсітэт імя Я. Купалы, медыцынскі і аграрны ўніверсітэты.

Кітайскі бок прадстаўлялі: канцылярыя знешніх сувязяў Народнага ўрада правінцыі Ганьсу, прадстаўнікі Дэпартамента адукацыі Народнага ўрада правінцыі Ганьсу, а таксама ўстановы адукацыі правінцыі Ганьсу: Ланьчжоўскі універсітэт эканомікі і фінансаў, аграрны універсітэт правінцыі Ганьсу, універсітэт традыцыйнай кітайскай медыцыны правінцыі Ганьсу і інстытут Хэсі.

Начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Юр'евіч Абрамчык адзначыў, што двухбаковае супрацоўніцтва паміж краінамі мае ўсебаковы характар, а сучасныя глабальныя змены ставяць новыя задачы перад сістэмамі адукацыі нашых краін.

- Каб ісці наперад, развівацца, павышаць нацыянальную канкурэнтаздольнасць, патрэбны падрыхтаваныя, высокакваліфікаваныя кадры. З гэтай мэтай у Гродзенскай вобласці функцыянуе 39 устаноў, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай, сярэдне-спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, у якіх навучаюцца больш за 36 тысяч навучэнцаў і студэнтаў, - распавёў Руслан Юр'евіч. - Найбольш прадстаўнічая - сістэма вышэйшай адукацыі. У ёй навучаецца каля 18 тысяч студэнтаў.

Руслан Юр'евіч зазначыў, што і на ўзроўні школьнай адукацыі ў Гродзенскай вобласці таксама праводзіцца работа па ўмацаванні супрацоўніцтва з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Сёлета ў 9 установах адукацыі каля 500 школьнікаў вывучаюць кітайскую мову, таксама юнакі – актыўныя ўдзельнікі рэспубліканскай алімпіяды па кітайскай мове, конкурсных работ і многіх іншых праектаў. У гімназіі №1 Гродна ўжо некалькі гадоў функцыянуе клас Канфуцыя, створаны тэатр, а з мэтай вывучэння традыцый і звычаяў кітайскага народа ў гродзенскай гімназіі №10 адкрыты музей.

- Ад усёй сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці выказваем падзяку за канструктыўнае супрацоўніцтва Дэпартаменту правінцыі Ганьсу. Мы і ў далейшым нацэлены на новыя этапы ў двухбаковым супрацоўніцтве, - падсумаваў Руслан Юр'евіч.

Прадстаўнік пасольства Рэспублікі Беларусь у КНР адзначыў, што ў гэтым годзе адзначаецца 30-годдзе дыпламатычных адносін паміж дзвюма краінамі:

- Сёння паміж вышэйшымі навучальнымі ўстановамі Беларусі і Кітая падпісана больш за 500 прамых дагавор аб супрацоўніцтве. У Кітаі навучаецца амаль 500 нашых грамадзян, у тым ліку 65 - па гранце. У Беларусі праходзіць навучанне каля 8000 тысяч грамадзян КНР. За апошнія гады створана больш за 15 сумесных адукацыйных праграм. Відавочна, што магчымасці для развіцця беларуска-кітайскіх навуковых адносін ёсць, дзякуючы сумесным намаганням мы будзем шукаць новыя сферы кааперацыі, што, безумоўна, адпавядае ўзаемным інтарэсам.

Далей былі прэзентацыі ўстаноў адукацыі правінцыі Ганьсу і універсітэтаў Гродзенскай вобласці.

З прывітальным словам ад імя кіраўніцтва Гродзенскага медуніверсітэта да ўдзельнікаў анлайн-канферэнцыі звярнуўся прарэктар па навуковай рабоце Сяргей Барысавіч Вольф. Ён падзякаваў за прадстаўленую магчымасць удзелу ў форуме, а таксама адзначыў, што Гродзенскі медуніверсітэт накіраваны на плённае супрацоўніцтва ў галіне медыцыны з калегамі з замежжа.

Пасля Сяргей Барысавіч правёў прэзентацыю і расказаў слухачам аб структуры універсітэта, адукацыйным і навуковым працэсе, рабоце сімуляцыйна-атэстацыйнага цэнтра і Гродзенскай універсітэцкай клінікі, а таксама адзначыў узаемадзеянне з іншымі ўстановамі аховы здароўя, дзе практыкуюцца студэнты-медыкі.

У канцы анлайн-канферэнцыі ўдзельнікі абмеркавалі далейшае ўмацаванне дружалюбных адносін, абмен вопытам і развіццё супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі.

 


Матэрыял падрыхтаваў аддзел па сувязях з грамадскасцю і маркетынгу
Фота: Таццяна Велёнда


 

Назад