Калектыву ГрДМУ прадставілі новага рэктара
Новым рэктарам ГрДМУ прызначаны Ігар Георгіевіч Жук. Да гэтага ён займаў пасаду старшыні Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў.
Ва ўрачыстым сходзе прынялі ўдзел міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Леанідавіч Піневіч, старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Сцяпанавіч Каранік, начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама Людміла Мікалаеўна Кеда, першы прарэктар Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Віталь Уладзіміравіч Вараб'ёў.
Прадстаўляючы рэктара калектыву Гродзенскага медуніверсітэта, Дзмітрый Леанідавіч адзначыў задачы, якія стаяць перад новым кіраўніком.
– Першае, што я б хацеў пажадаць новаму рэктару, - гэта захаваць традыцыі гродзенскай медыцынскай школы, якая славіцца сваімі спецыялістамі, - адзначыў міністр аховы здароўя, - таксама, нягледзячы на ўсе фактары, трэба працягваць узаемадзеянне паміж ВНУ не толькі з універсітэтамі нашай краіны, але і развіваць трансмежавае супрацоўніцтва.
Дзмітрый Леанідавіч падкрэсліў, што ў Гродзенскім медыцынскім універсітэце ёсць унікальныя факультэты. Таму прыярытэтным напрамкам з'яўляецца іх развіццё. У прыватнасці тых, якія рыхтуюць урачоў-псіхолагаў, медсясцёр з вышэйшай адукацыяй.
– Асаблівы напрамак займае таксама і Гродзенская ўніверсітэцкая клініка. Яна павінна працягваць развівацца з мэтай паляпшэння адукацыйнага працэсу, індыкатара аказання медыцынскай дапамогі і падтрымкі супрацоўнікаў, - падкрэсліў Дзмітрый Леанідавіч.
Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Сцяпанавіч Каранік, звяртаючыся да прысутных, адзначыў, што Гродзенскі медыцынскі ўніверсітэт атрымаў адукаванага, вопытнага і дастойнага кіраўніка:
– Я вельмі рады, што мая Аlma mater атрымала добрага, удумлівага і адкрытага да ўсяго рэктара. У Гродзенскім медуніверсітэце граматны прафесарска-выкладчыцкі склад. Таму я заўсёды паўтараў, што карпусы, медыцынскае абсталяванне - гэта ўсяго толькі халодны метал, халодны бетон. Галоўнае - гэта людзі, і важна эфектыўна вучыць і рыхтаваць будучых медыцынскіх работнікаў. Я спадзяюся, што і надалей наша цеснае супрацоўніцтва працягнецца.
Ігар Георгіевіч Жук, як новы кіраўнік, адзначыў, што шмат задач, пастаўленых міністрам аховы здароўя і кіраўніцтвам вобласці, стаіць перад рэктарам. Прыярытэтныя напрамкі - развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы, удасканаленне ўніверсітэцкай клінікі, развіццё інавацыйных падыходаў у навучанні.
– Гродзенскі медыцынскі ўніверсітэт – вядучая навучальная ўстанова нашай краіны. Гэта мая Аlma mater, і я ганаруся, што я ўзначаліў ВНУ. Паспрабую апраўдаць высокі давер, аказаны мне, прыкласці максімум намаганняў для развіцця нашага ўніверсітэта. І ўсе пастаўленыя задачы рэалізуем разам адной універсітэцкай сям'ёй, - адзначыў Ігар Георгіевіч Жук.
Ігар Георгіевіч Жук у 1979 годзе скончыў Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі інстытут па спецыяльнасці “Лячэбная справа”. З 1979 да 1980 гг. – урач-інтэрн Мінскай абласной клінічнай бальніцы па спецыяльнасці «хірургія», урач-хірург Плешчаніцкай 2-й раённай бальніцы Мінскай вобласці. З 1980 па 2009 год працаваў у ГрДМУ асістэнтам, дацэнтам кафедры аператыўнай хірургіі і тапаграфічнай анатоміі, загадчыкам кафедры, прарэктарам, першым прарэктарам.
У 1986 годзе Ігару Георгіевічу прысуджана вучоная ступень кандыдата медыцынскіх навук па спецыяльнасці “хірургія”. У 1999 годзе - вучоная ступень доктара медыцынскіх навук. У 2001 годзе прысвоена званне прафесара. З ліпеня 2009 года працаваў намеснікам старшыні Гродзенскага аблвыканкама. У красавіку 2014 года абраны старшынёй абласнога Савета дэпутатаў. З 2017 года - прафесар кафедры аператыўнай хірургіі і тапаграфічнай анатоміі.
Матэрыял падрыхтаваў аддзел па сувязях з грамадскасцю і маркетынгу
Фота Аляксандра Мінько