На калегіі ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама падвялі вынікі работы і вызначылі задачы на наступны год
Прыняўшыя ўдзел у рабоце калегіі міністр аховы здароўя Валерый Малашка і намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Лісковіч адзначылі пэўныя дасягненні медыцынскай галіны Гродзеншчыны і ў той жа час гаварылі пра галоўныя кропкі прыкладання сіл. Далёка не ўсе рэзервы ўдасканалення службы аховы здароўя выкарыстаны, а значыць, наперадзе вялікая праца, заснаваная на глыбокім аналізе арганізацыйных і тэхналагічных магчымасцяў.
На калегіі было адзначана, што ў 8 раёнах вобласці павялічана нараджальнасць, а ў абласным цэнтры і Лідскім раёне дасягнуты натуральны прырост насельніцтва. Дэмаграфічныя нажніцы ў вобласці амаль счапіліся: паказальнікі нараджальнасці і смяротнасці практычна ідэнтычны. Начальнік упраўлення аховы здароўя аблвыканкама Андрэй Стрыжак адзначыў, што гэта вынік сістэмнага падыходу ў працы па цэлым шэрагу накірункаў як у медыцынскай, так і ў сацыяльнай, прававой і іншых сферах. Але ёсць патэнцыял для таго, каб вывесці сітуацыю на новы ўзровень. Яна напрамую залежыць ад якасці аказання медыцынскай дапамогі.
На першым месцы прычын смяротнасці знаходзяцца хваробы сістэмы кровазвароту. Паказальнік знізіўся ў мінулым годзе ў параўнанні з папярэднім на 2,8 адсоткаў. Далейшае развіццё атрымаюць рэабілітацыя пацыентаў кардыялагічнага профілю, удасканаленне сістэмы правядзення тромбалізісу. У вобласці ўжо адпрацаваны «дарожныя карты» аказання дапамогі пацыентам з вострым каранарным сіндромам, дыягностыкі вострых парушэнняў мазгавога кровазвароту, рэабілітацыі пасля высокатэхналагічных аперацый.
У апошні час у анкалогіі зроблены ўпор на ранняе выяўленне наватвораў. У гэтым плане добрыя вынікі дасягнуты дзякуючы правядзенню скрынінгу раку малочнай залозы і прастаты, а таксама каларэктальнага раку. Аднак тут сутыкаемся з несвядомасцю людзей, якія не спяшаюцца па дапамогу. І гэта пацвярджае вялізнае значэнне прафілактычнай накіраванасці аховы здароўя, пра ўзмацненне якой гаварылася на калегіі.
У плане забеспячэння даступнасці і якасці медыцынскай дапамогі ішла гутарка пра ўдасканаленне і ўмацаванне пярвічнага звяна і пра пашырэнне на гэтым узроўні аказання тэрміновай дапамогі, максімальна разгрузіўшы службу хуткай дапамогі, а таксама пра арганізацыю працы ўчастковых урачоў па прынцыпе сямейнага ўрача, пераразмеркаванне аб’ёмаў стацыянарнай дапамогі на паліклінічную.
Як прыярытэты адзначаліся работа па стварэнні адзінай электроннай інфармацыйнай сістэмы аховы здароўя, міжведамаснае і міжнароднае супрацоўніцтва. Будзе ўдасканальвацца матэрыяльная база ўстаноў аховы здароўя. Плануецца заканчэнне будаўніцтва паліклінікі на 650 наведванняў у змену ў мікрараёне Вішнявец у Гродне, наваселле абласнога скурна-венерычнага дыспансера ў рэканструіруемым будынку былой чыгуначнай бальніцы, амбулаторыя ў Гальшанах на Ашмяншчыне.
Выступаючы на калегіі, міністр аховы здароўя Валерый Малашка і намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Лісковіч зрабілі акцэнт на фармаванне рэзерву кадраў кіраўнікоў у сістэме аховы здароўя і працу з ім. Для ўдасканалення галіны вельмі важныя павышэнне ролі кіраўнікоў усіх структурных падраздзяленняў, якасная арганізацыя імі работы, уменне выдзяліць прэарытэты.
Ад імя вобласці Віктар Лісковіч падзякаваў усім медыцынскім работнікам Гродзеншчыны за працу, за чулыя і ўважлівыя адносіны да пацыентаў. Лепшыя з іх былі адзначаны ўзнагародамі Міністэрства аховы здароўя, аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў, Гродзенскага гарвыканкама і гарадскога Савета дэпутатаў, галіновага прафсаюза. Узнагароды былі ўручаны і калектывам лячэбных устаноў – пераможцам абласнога конкурса.
Міністр аховы здароўя Валерый Малашка і намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Лісковіч наведалі таксама абласную клінічную бальніцу, абласны перынатальны цэнтр і абласную дзіцячую бальніцу.
>> Вынікі работы Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта за 2016 год