Прэс-цэнтр Навіны

Інавацыйныя формы навучання і адпрацоўка практычных навыкаў. У ГДМУ ўрачыста адкрылі сімуляцыйна-атэстацыйны цэнтр

02 верасня 2022 — 16:32

У тэставым рэжыме сімуляцыйна-атэстацыйны цэнтр на Свярдлова, 3 пачаў працаваць 1 студзеня 2022 года. Сёння адбылося яго ўрачыстае адкрыццё. У цырымоніі прынялі ўдзел рэктар Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Ігар Георгіевіч Жук, а таксама ганаровыя госці – старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Сцяпанавіч Каранік, начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама Людміла Мікалаеўна Кеда, члены рэктарата і супрацоўнікі ўніверсітэта.

– Сучасная медыцына немагчыма без высокіх тэхналогій, абсталявання і адпрацоўкі практычных навыкаў. Медыцынскі працаўнік павінен валодаць метадамі не толькі інструментальна-лабараторнай дыягностыкі, але і практычнымі навыкамі, бо ад гэтага залежыць і бяспека пацыента, і эфектыўнасць лячэння. Дзякуючы трэнажорам, дзе можна спакойна, без стрэсу, адпрацоўваць маніпуляцыі, пасля заканчэння медыцынскага ўніверсітэта выходзяць іншыя спецыялісты. Яны ведаюць не толькі тэарэтычныя аспекты, але і пры неабходнасці могуць прымяняць навыкі ў розных сітуацыях, якія дазволяць дапамагчы пацыенту. Адкрыццё сімуляцыйна-атэстацыйнага цэнтра - гэта знакавая падзея. Я спадзяюся, што ён стане тым месцам, якое з задавальненьнем будуць наведваць студэнты. Тут кожны зможа з першых курсаў адпрацоўваць тыя навыкі, якія спатрэбяцца хлопчыкам і дзяўчынкам пасля заканчэння ВНУ, - падкрэсліў Уладзімір Сцяпанавіч Каранік.

У сімуляцыйна-атэстацыйным цэнтры ГрДМУ адкрыта 11 навучальных модуляў па розных напрамках: акушэрства і гінекалогія, анестэзіялогія і рэанімацыя, лапараскапічная хірургія і гінекалогія, першая дапамога, тэрапія. Цэнтр аснашчаны сучасным медыцынскім і сімуляцыйным абсталяваннем. Тут прадстаўлены больш за 300 адзінак абсталявання, больш за 30 з іх - гэта робаты-сімулятары, высокатэхналагічныя манекены. Сярод навучальных модуляў, прадстаўленых тут, ёсць робат-сімулятар парадзіхі, манекены для інтубацыі, сардэчна-лёгачнай рэанімацыі, рэспіраторнай тэрапіі, наркозны апарат. Адзін з самых цікаўных - кабінет лапараскапічных аперацый: у ім размешчаны высокатэхналагічныя апараты для лапараскапіі, а таксама лапараскапічныя ўстаноўкі для адпрацоўкі базавых навыкаў. Усе манекены поўнасцю рэалістычныя. У іх нават ёсць зваротная сувязь. Напрыклад, студэнт выконвае сардэчна-лёгачную рэанімацыю на манекене, а пасля планшэт ці кампутар выдае яму адзнаку, якая адлюстроўвае правільнасць выканання практычнага навыку.

– Практыка-арыентаванасць - важны напрамак у адукацыйным працэсе, асабліва ў медыцынскім універсітэце, - адзначыў рэктар ВНУ Ігар Георгіевіч Жук. - У сімуляцыйна-атэстацыйным цэнтры студэнты і лекары, якія будуць прыязджаць на павышэнне кваліфікацыі, могуць адточваць практычныя навыкі на сімулятарах. Спадзяюся, што з адкрыццём такога цэнтра нашы выпускнікі будуць яшчэ больш дастойна прадстаўляць Гродзенскі медыцынскі ўніверсітэт у ахове здароўя краіны.

Як расказала начальнік сімуляцыйна-атэстацыйнага цэнтра Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Валерыя Валянцінаўна Буцько, у цэнтры студэнты навучаюцца з першага па шосты курс са здачай практычных навыкаў і дыферэнцыраваных залікаў. Тут жа юнакі здаюць аб'ектыўны структураваны клінічны экзамен (ОСКЭ). Ён уяўляе сабой метад, які выкарыстоўваецца для ацэнкі клінічнай кампетэнтнасці. Выніковая ацэнка за іспыт ставіцца па выніках практыкі і адказу на тэарэтычныя пытанні. Заняткі ў сімуляцыйным цэнтры праходзяць з 8.00 да 20.00.


Матэрыял падрыхтаваў аддзел па сувязях з грамадскасцю і маркетынгу
Фота Прэс-служба Гродзенскага аблвыканкама


 

Назад