Прэс-цэнтр Навіны

Навучэнец ГДМУ Аляксандр Краўчук – “Студэнт года ОNLINE”!

04 сакавіка 2022 — 16:31

3 сакавіка ў Мінску адбыўся фінал рэспубліканскага конкурсу “Студэнт года -2021”. Імя пераможцы стала вядома напярэдадні ўвечары – тытул заваявала студэнтка 3 курса Інстытута інклюзіўнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Ксенія Лашчэўская. “Студэнтам года ОNLINE” стаў навучэнец 5 курса лячэбнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Аляксандр Краўчук.

За тытул “Студэнт года - 2021” змагаліся 14 студэнтаў – самыя таленавітыя, крэатыўныя, амбіцыёзныя і, вядома, разумныя навучэнцы нашай краіны. Гранд-фінал праходзіў пад слоганам “Каманда мары”.

На працягу ўсяго вечара канкурсанты паказвалі дынамічныя, творчыя, яркія нумары, а кампетэнтнае журы па заслугах ацаніла выступоўцаў. Дарэчы, напярэдадні фіналу ўдзельнікі абаранілі свае праекты.

Самым запамінальным, насычаным і шчырым стаў апошні, творчы конкурс. У калейдаскопе выступленняў запальныя песні і танцы змяняліся кранальнымі і пранізлівымі паэтычнымі рэтраспектывамі.

Творчы нумар нашага канкурсанта нікога не пакінуў абыякавым. У сваім выступе Аляксандр Краўчук закрануў важную для ўсіх тэму – Вялікай Айчыннай вайны. Нумар перанёс гледачоў у мінулае. Антураж, магутны верш “Адкрыты ліст” Канстанціна Сіманава – сваім нумарам Аляксандр нагадаў, як важна помніць тых, хто ваяваў за Радзіму.

Пасля ўсіх конкурсных спаборніцтваў журы доўга вызначалася з пераможцай. Перад тым, як уручыць тытул “Студэнт года - 2021”, падчас урачыстай цырымоніі ўзнагароджання да фіналістаў з прывітальным словам звярнуўся першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ, старшыня журы Аляксандр Лук'янаў.

Тое, што сёння адбылося – гэта сапраўднае свята. Са сцэны ішоў непаўторны драйв, эмоцыі, - сказаў Аляксандр Лук’янаў, - на самай справе кожны з вас ужо студэнт года. За плячамі ў вас рэпетыцыі, насычаная падрыхтоўка і сёння вялікі гранд-фінал. Мы ўбачылі, што наша моладзь робіць усё, каб захаваць краіну прыгожай, упэўненай і незалежнай.

Адзначыла журы і небывалую падтрымку балельшчыкаў. З плакатамі, расцяжкамі, сцягамі ўніверсітэтаў, гучнымі крычалкамі і слоганамі студэнты падтрымлівалі сваіх выступоўцаў.

Пасля прывітальных словаў кожны ўдзельнік атрымаў дыплом фіналіста і каштоўныя падарункі.

Другое месца ў студэнткі 2 курса факультэта эканомікі і бізнес-кіравання Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Ганны Івановай.

Трэцяе месца ў студэнткі 3 курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Валерыі Лазарэвіч.

Дарэчы, адборачныя туры конкурсу “Студэнт года-2021” адбыліся ў 36 вышэйшых навучальных установах і аб’ядналі каля 200 канкурсантаў. Заснавальнікам і арганізатарам конкурсу з’яўляецца Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Праект рэалізуецца пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і іншых зацікаўленых.



Матэрыял падрыхтаваў аддзел па сувязях з грамадствам і маркетынгу
Фотаздымак Юліі Сакалоўскай.



 

Назад