Неверагодныя эмоцыі і новы досвед. Інтэрв’ю з пераможцай конкурсу “Каралева Студэнцтва ГДМУ-2022”
У пачатку красавіка ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце прайшоў самы прыгожы, вясновы і грацыёзны конкурс “Каралева Студэнцтва”.
У гэтым годзе за перамогу змагаліся 10 самых таленавітых і грацыёзных дзяўчат.
Выбраць самую яркую, амбіцыёзную, мэтанакіраваную журы было няпроста. У выніку тытул “Каралева Студэнцтва ГДМУ-2022” заваявала студэнтка 3 курса 6 групы педыятрычнага факультэта Ганна Бушунова.
Напярэдадні абласнога этапа конкурсу “Каралева Вясна-2022” мы пагаварылі з пераможцай. Дзяўчына расказала пра сам конкурс, планы на будучыню і сумяшчэнне творчай дзейнасці з вучобай у медыцынскай вну.
Студэнтка педыятрычнага факультэта Ганна Бушунова ўпершыню ўдзельнічае ў конкурсе прыгажосці. Дзяўчына прызнаецца, што больш захапляецца танцамі і спортам, але пра студэнцкі конкурс чула даўно. Калі паступіла прапанова паспрабаваць і прыняць удзел, вырашыла – трэба ісці.
– Гэта каласальны вопыт, крок на шляху даведацца пра нешта новае, нечаму навучыцца. Але таксама і пераступіць праз свае страхі, хваляванне, - кажа Ганна і тут жа прыводзіць прыклад: - асабіста я думала, што мне не будзе страшна выступіць на сцэне перад публікай, таму што раней сама правяла шмат канцэртаў, гарадскіх святаў у родным Наваполацку, але ўсё роўна, аказалася, што нейкае хваляванне прысутнічае.
Адборачны этап у вну стартаваў яшчэ восенню. У кастрычніку былі першыя рэпетыцыі. Дзяўчат вучылі, як правільна хадзіць, пазіраваць, трымацца на сцэне. У тыдзень было тры рэпетыцыі па гадзіне-паўтары. Вучылі канкурсантак не толькі мастацтву дэфіле. Напрыклад, у дзяўчат былі заняткі па акцёрскім майстэрстве. Ім паказалі, як трымаць глядзельны кантакт з залай, вучылі правільна размаўляць, праводзілі розныя майстар-класы.
Ганна выступала пад нумарам адзін. Гаворыць, што адкрываць фінальнае шоу было злёгку страшна і хвалююча. Бо табе трэба будзе першай выйсці ў залу і задаць патрэбны тэмп для ўсіх канкурсантак.
- За час падрыхтоўкі мы вельмі пасябравалі з дзяўчынкамі, паміж намі не было жорсткай канкурэнцыі. Хацелася, каб кожная з нас выступіла добра, - гаворыць Ганна, - таксама вялікі дзякуй дзяўчынкам, якія былі з намі за кулісамі: паміж нумарамі яны дапамагалі апрануць новы ўбор для выхаду і ўсяляк падтрымлівалі нас.
Неймаверная падтрымка ішла і ад гледачоў. На фінал прыехалі бацькі, сваякі, сябры канкурсантак. Асобна кожную дзяўчыну падтрымлівалі аднагрупнікі, аднакурснікі, і ў цэлым увесь факультэт.
- На фінальнае шоу прыехалі мае бацькі, бабуля, брат, прывезлі ў госці майго сабаку, - з цеплынёй успамінае студэнтка, - мае сваякі вельмі мной ганарыліся. Хацелася паказаць, чаго я дасягнула. Калі пасля перамогі рабяты выйшлі на сцэну павіншаваць, у мяне слёзы пайшлі градам, я была вельмі рада і дзякавала ўсім за дапамогу і падтрымку!
У канцы красавіка пройдзе абласны этап конкурсу “Каралева Вясна-2022”. Зараз Ганна і іншыя канкурсанткі пачынаюць да яго падрыхтоўку. На абласным этапе дзяўчат чакаюць таксама конкурс аратарскага майстэрства, прысвечаны Году гістарычнай памяці, выхад у спартыўным амплуа, у вячэрняй або вясельная сукенцы. Таксама плануецца правесці творчы нумар. На завочным этапе дзяўчаты прэзентуюць візітоўкі.
– Кожную вну на абласным этапе будуць прадстаўляць тры дзяўчыны, - расказвае Ганна, - так, канкурэнцыя будзе, але я нацэлена на перамогу. Думаю, што будзе цяжка, бо ва ўніверсітэце свая дружалюбная атмасфера, а тут міжвузаўскае суперніцтва. Мы прыкладаем шмат намаганняў, калі ты нешта пачаў, трэба ісці да канца.
Апроч спорту і навукі Ганна актыўна займаецца валанцёрскай дзейнасцю. Прызнаецца, што сабачкі – гэта аддушына. Дзяўчына дапамагае даглядаць іх, гатуе ім ежу, выгульвае.
- Таксама вельмі люблю фатаграфаваць, захапляюся вязаннем, займаюся плаваннем і 12 гадоў танцамі, раней гуляла ў гандбол, валейбол, займалася лёгкай атлетыкай, увогуле, вяду актыўны лад жыцця, - усміхаючыся кажа дзяўчына.
У медыцыну Ганна вырашыла ісці ўжо ў пятым класе. Праўда, тады дзяўчына марыла стаць стаматолагам. І нават падчас прыёмнай кампаніі Ганна падавала дакументы ў Мінск, на стаматалагічны факультэт, але крыху не дабрала балаў, каб прайсці на бюджэт.
– Тады вырашыла паступаць ў Гродна, - успамінае студэнтка, - адразу падала дакументы на педыятрычны факультэт, разглядала яго пасля стаматалагічнага. Вельмі люблю дзяцей, хоць гэта і вялікая адказнасць. Бацькі не звязаны з медыцынай, але мой выбар падтрымалі. Сярод сваякоў у мяне цётка ўрач-педыятр, яшчэ адна цётка – фельчар. І яны мяне таксама падтрымліваюць.
Сумяшчаць актыўны лад жыцця з вучобай у медыцынскім універсітэце магчыма, кажа Ганна. Галоўнае – расставіць прыярытэты, навучыцца размяркоўваць правільна час і, вядома ж, высыпацца.
– Калі была падрыхтоўка да конкурсу, я размеркавала свой час. Заняты быў увесь дзень, я стамлялася, але ўсё паспявала, - адзначыла студэнтка. – Калі дзень расцягнуты, і ты не ведаеш, чым займацца, асабіста для мяне так цяжэй. Лепш займацца нечым карысным, а не лайдачыць. Таму, калі вы ў чымсьці сумняваецеся, напрыклад, удзельнічаць ці не ўдзельнічаць у конкурсе прыгажосці, абавязкова спрабуйце!
Матэрыял падрыхтаваў аддзел па сувязях з грамадскасцю і маркетынгу
Фота: з асабістага архіва Ганны Бушуновай і архіва ГДМУ