Прафесару ГрДМУ Віктару Аляксандравічу Сняжыцкаму ўручылі дыплом замежнага члена РАН
Урачысты сход з нагоды ўручэння дыплома замежнага члена Расійскай акадэміі навук па спецыяльнасці "кардыялогія" прафесару ГрДМУ, члену-карэспандэнту Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Віктару Аляксандравічу Сняжыцкаму адбыўся сёння. На сходзе прысутнічала кіраўніцтва Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта, дэканы факультэтаў, прафесарска-выкладчыцкі склад, супрацоўнікі ВНУ, а таксама ганаровыя госці - члены Расійскай акадэміі навук Аляксандр Мікалаевіч Разумаў і Валерый Васілевіч Берагавых.
– Гэта ўрачысты і вялікі дзень для Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Віктар Аляксандравіч Сняжыцкі - вучоны з сусветным імем. І я думаю, што Расійская акадэмія навук зрабіла правільны выбар, прагаласаваўшы і зацвердзіўшы Віктара Аляксандравіча замежным членам РАН, - адзначыў перад урачыстай цырымоніяй акадэмік РАН, доктар медыцынскіх навук Аляксандр Мікалаевіч Разумаў.
Як падкрэсліў акадэмік РАН, намеснік акадэміка-сакратара па навукова-арганізацыйнай рабоце, доктар тэхнічных навук Валерый Васільевіч Берагавых, працэдура зацвярджэння ў замежныя члены Расійскай акадэміі навук карпатлівая і працаёмкая. Экспертная камісія на пасяджэнні з 220 членаў клінічнай секцыі разглядае магчымых кандыдатаў. Далей кандыдатуру разглядаю 490 чальцоў аддзялення медыцынскіх навук, а пасля 2000 чальцоў усёй акадэміі РАН. Кожны з акадэмікаў - гэта выбітны вучоны з сусветным імем. Таму, паводле слоў Валерыя Васільевіча, працэдура мае значны характар. На двух этапах - на стадыі секцыі і на стацыі аддзялення - выступаюць калегі, якія ацэньваюць вынікі працы кандыдата.
- Мне выпаў гонар, па даручэнні Прэзідыума РАН, уручыць дыплом і залаты значок замежнага члена Расійскай акадэміі навук Віктару Аляксандравічу Сняжыцкаму. Гэта дастаткова вядомы спецыяліст, і таму яго кандыдатура была адобрана на ўсіх узроўнях. Віктар Аляксандравіч павінен стаць правадніком навуковых медыцынскі ідэй паміж РАН і Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам, бо ў вашай ВНУ рыхтуюць высакакласных спецыялістаў, - адзначыў Валерый Васільевіч Берагавых.
Адкрываючы ўрачысты сход, рэктар Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Ігар Георгіевіч Жук падкрэсліў, што для ВНУ гэта знакавая падзея:
- Мы рады, што сёння да нас прыехалі нашы калегі з Расійскай акадэміі навук, калегі-медыкі, сярод якіх Аляксандр Мікалаевіч Разумаў - ганаровы доктар нашага універсітэта, па сутнасці - наш выпускнік, бо ён вучыўся ў нашым медыцынскім інстытуце. Сённяшняя нагода значная – уручэнне дыплома замежнага члена Расійскай акадэміі навук нашаму заслужанаму вучонаму, вядомаму прафесару, члену-карэспандэнту Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Віктару Аляксандравічу Сняжыцкаму.
Як зазначыў рэктар ГрДМУ, кантакты паміж Беларуссю і Расіяй і ў далейшым будуць развівацца і пашырацца. У наступным годзе запланавана правядзенне навуковай канферэнцыі з удзелам акадэміі навук Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь, якая ў тым ліку будзе прысвечана і юбілейнай даце - 65-годдзю стварэння Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.
– Сёння ўрачысты сход прысвечаны пытанням узаемадзеяння з Расійскай акадэміяй навук і, вядома ж, прыемна, што прадстаўнікі аддзялення медыцынскіх навук РАН прыехалі да нас з прапановамі аб супрацоўніцтве. Бо ў нас шмат агульнага, але ёсць перспектывы для далейшага паляпшэння ўзаемадзеяння вучоных Беларусі і Расіі. І сёння госці адначасова выконваюць ганаровую місію ўручэння дыплома замежнага члена РАН, - распавёў прафесар ГрДМУ Віктар Аляксандравіч Сняжыцкі. – Той кірунак, якім я займаюся - кардыялогія, арытмалогія, - досыць перспектыўны і важны. Напрацоўкі супрацоўнікаў групы, якую я ўзначальваю, увайшлі ў практыку. Гэта датычыцца генетычна абумоўленых арытмій, кардыяміяпатыі, пытанняў выяўлення фактараў рызык раптоўнай смерці і яе прафілактыкі. Гэта было і застаецца актуальным, і яшчэ вельмі шмат чаго трэба зрабіць. Спадзяюся, што сённяшняя падзея дасць новы імпульс для паспяховага развіцця беларускай кардыялогіі.
Пасля ўрачыстай часткі ў рамках праграмы "Запрошаны прафесар" акадэмікі РАН прачыталі лекцыі на актуальныя тэмы.
ДАВЕДКА: Замежнымі членамі Расійскай акадэміі навук абіраюцца найбуйнейшыя замежныя навукоўцы, якія атрымалі прызнанне сусветнай навуковай супольнасці. Замежныя члены РАН абіраюцца Агульным сходам РАН.
Матэрыял падрыхтаваў аддзел па сувязях з грамадскасцю і маркетынгу
Фота Аляксандра Мінько