Спартыўныя баталіі і песні ля вогнішча. Расказваем, як прайшоў I студэнцкі турзлёт ГрДМУ
Калейдаскоп мерапрыемстваў Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта папоўніўся яшчэ адным спартыўным, творчым і запальным івентам - студэнцкім турзлётам.
Турзлёт ГрДМУ прайшоў на базе «Хімік» ля возера Белае. На працягу двух дзён студэнты спаборнічалі ў розных спартыўных баталіях, паказвалі творчыя нумары і поўнасцю акунуліся ў паходнае жыццё.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў на адкрыцці турзлёту звярнуўся прарэктар па выхаваўчай рабоце Ігар Пятровіч Багдановіч:
- Турыстычны злёт - гэта перш за ўсё папулярызацыя здаровага ладу жыцця. Спадзяюся, што гэтае мерапрыемства стане традыцыйным і прымаць удзел у ім з кожным годам будзе ўсё больш студэнтаў. Гэты турзлёт першы, і няхай ён стане паказальным, прыгожым, крэатыўным, каб мы ўсе атрымалі задавальненне ад спаборніцтваў, ад творчай часткі і ад зносін!
Арганізатары I студэнцкага турзлёту падрыхтавалі насычаную і разнастайную праграму. Як распавёў начальнік спартыўнага клуба "Медык" Мікалай Міхайлавіч Віршыч, пры падрыхтоўцы імкнуліся ахапіць увесь спартыўны дыяпазон, каб кожны з удзельнікаў мог паказаць свае сілы. Дарэчы, перад пачаткам спаборніцтваў быў праведзены інструктаж па тэхніцы бяспекі, правілаў паводзін на вадзе, правілаў пажарнай бяспекі і грамадскага парадку.
- У гэтым годзе ўдзел у студэнцкім турзлёце прымаюць 7 каманд, а гэта 70 чалавек - прадстаўнікі ўсіх факультэтаў. У першы дзень спаборніцтвы прайшлі па розных напрамках: пляжны валейбол, міні-футбол, узняцце гіры, эстафета, настольны тэніс. Спартыўная частка праграмы працягнулася да 7 вечара, а пасля пачалася творчая частка - песні ля вогнішча, прэзентацыя каманд, дыскатэка. За кожны этап камандам налічваліся балы, - распавёў Мікалай Міхайлавіч Віршыч.
Прамежкавыя вынікі спаборніцтваў размяшчаліся на спецыяльным стэндзе. Тут кожны ўдзельнік мог даведацца, колькі балаў ёсць у актыве каманды і на якім спартыўным этапе трэба папрацаваць.
Другі дзень турзлёту аказаўся не менш насычаным. Нягледзячы на ўмовы надвор'я, усе каманды дастойна справіліся са спартыўнай часткай, вела- і пешаходным этапамі. Пасля ўсіх баталій адбылося ўзнагароджанне пераможцаў і падвядзенне вынікаў.
Вынікі I студэнцкага турзлёту ГрДМУ:
1 месца - Медыка-псіхалагічны факультэт, каманда «Жызафрэнія».
2 месца - Лячэбны факультэт, каманда "Полымя зары".
3 месца - Медыка-дыягнастычны факультэт, каманда «Паходня».
Матэрыял падрыхтаваў аддзел па сувязях з грамадскасцю і маркетынгу
Фота Аляксандра Мінько