У ГДМУ абмеркавалі праект змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь
У дыялогавай пляцоўцы з супрацоўнікамі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта прынялі ўдзел старшыня Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта Мечыслаў Браніслававіч Гой, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Тэнгіз Шукрыевіч Думбадзэ, Ірына Эдуардаўна Луканская, Алена Станіславаўна Патапава і першы прарэктар ГДМУ Віталь Уладзіміравіч Вараб’ёў.
- Думаю, што большасць з вас ужо азнаёміліся з гэтым праектам, бо ў ім прадстаўлена шмат сур’ёзных пытанняў, якія тычацца кожнага жыхара нашай краіны. Зараз праходзіць актыўнае абмеркаванне змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі і адным з яго фарматаў сталі дыялогавыя пляцоўкі з прадстаўнікамі органаў дзяржкіравання і дэпутатаў, - адзначыў Віталь Уладзіміравіч.
Па словах Мечыслава Браніслававіча, такія сустрэчы з працоўнымі калектывамі прадпрыемстваў і ўстаноў праходзяць па ўсёй краіне, асаблівая ўвага надаецца прапановам, якія паступілі, і іх абмеркаванню, што становіцца сапраўды ўсенародным.
Адно з папулярных пытанняў – для чаго патрэбны змяненні ў Канстытуцыю? І яно часта гучыць на такіх сустрэчах. Алена Станіславаўна Патапава адзначыла, што ў Асноўным Законе ёсць ужо састарэлыя нормы, і ў той жа час туды важна ўнесці новаўвядзенні, якія тычацца сучаснага жыцця. Акрамя таго, новы праект адпавядае запыту грамадства на палітычную рэформу і пераразмеркаванне ўлады, развіццё палітычных партый.
- Праца над канчатковым варыянтам праекта яшчэ ідзе. Зараз праходзіць этап усенароднага абмеркавання. Прапановы, распрацаваныя па яго выніках, паступяць у Канстытуцыйную камісію. Канчатковы праект будзе вынесены на рэферэндум.
Тэнгіз Шукрыевіч Думбадзэ адзначыў, што ўдасканаленне Канстытуцыі нацэльвае беларускі народ на захаванне суверэнітэту і гістарычнай памяці, замацаванне каштоўнасці шлюбу і сям’і, як саюзу мужчыны і жанчыны. Ён падкрэсліў, што каштоўней і даражэй суверэнітэту нічога няма, і падзеі ў Казахстане гэта пацвярджаюць.
Абмеркаванне праекта Канстытуцыі выклікала водгук у аўдыторыі. Супрацоўнікі ГДМУ цікавіліся, чым абумоўлены змены Асноўнага Закона дзяржавы, уносілі прапановы па некаторых яго артыкулах. Калектыў медуніверсітэта цікавіўся і жыццёвымі пытаннямі, якія тычацца добраўпарадкавання і развіцця абласнога цэнтра. Мечыслаў Браніслававіч падзякаваў супрацоўнікам і студэнтам ГДМУ за актыўны ўдзел у вакцынацыі супраць каранавіруснай інфекцыі, падрабязна расказаў пра тыя кірункі ў развіцці горада, якім будзе нададзена ўвага ў гэтым годзе і адказаў на пытанні.
Матэрыял падрыхтаваў аддзел па сувязях з грамадствам і маркетынгу