Прэс-цэнтр Навіны

У ГДМУ прайшоў Дзень адкрытых дзвярэй

26 сакавіка 2022 — 15:23

Сёння ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце прайшоў Дзень адкрытых дзвярэй. Для абітурыентаў і іх бацькоў арганізатары падрыхтавалі насычаную праграму.  

У гасцей была выдатная магчымасць пагутарыць са студэнтамі, бліжэй пазнаёміцца з дзейнасцю ўніверсітэта, убачыць дэманстрацыю манекенаў, інструментаў і медыцынскіх маніпуляцый.

Кожны факультэт падрабязна расказаў пра сваю дзейнасць і правёў насычаныя прэзентацыі.

На пляцоўцы лячэбнага факультэта размясцілася адразу некалькі станцый. На першай размяшчаўся манекен для рэанімацыі, які аснашчаны спецыяльнымі святлодыёдамі. Яны адразу ж паказваюць, ці правільна выконваецца маніпуляцыя. Наступная станцыя знаёміла школьнікаў з апаратам ЭКГ. Тут кожны жадаючы змог прыняць удзел у медыцынскай працэдуры.

– На прэзентацыі мы таксама паказалі абітурыентам стол з хірургічнымі інструментамі, якія выкарыстоўваюцца для аперацый на розных частках цела. Студэнты ўжо на 4 курсе праводзяць іх самастойна на кафедры тапаграфічнай анатоміі, - расказала студэнтка 6 курса лячэбнага факультэта Ганна Кантаровіч. – Побач стаіць трэнажор, дзе можна паспрабаваць зрабіць нутравенную ін’екцыю. Гэтай працэдуры студэнтаў навучаюць ужо на першым курсе.

Акрамя гэтага, на пляцоўцы былі прадстаўлены розныя анатамічныя макеты. Кожны жадаючы мог паглядзець і пакратаць усе экспанаты.

Ганна Кантаровіч – выпускніца лячэбнага факультэта. Зараз дзяўчына з лёгкасцю адказвае на ўсе пытанні абітурыентаў.

– Вельмі шмат пытанняў ад рабят тычыліся вучобы. Напрыклад, дзе праходзяць заняткі, ці цяжка вучыцца, якія ёсць прадметы, - адзначыла студэнтка. – Я сама помню, як у 10 і 11 класе была на Дні адкрытых дзвярэй, і такія прафарыентацыйныя сустрэчы, гутаркі са студэнтамі, кіраўніцтвам, дэканамі дапамагаюць знайсці адказы на ўсе пытанні.

На пляцоўцы медыка-дыягнастычнага факультэта студэнты з натхненнем правялі экскурсію для школьнікаў. Тут былі прадстаўлены апарат УГД, рэнтген апарат, рабятам адразу паказалі, як праводзіцца лабараторная дыягностыка.

– Абітурыенты звяртаюцца з рознымі пытаннямі. Вядома, самае частае: “Ці цяжка вучыцца?”. Так, цяжка, асабліва на першым курсе. Бо гэта перыяд адаптацыі, аднак яго праходзяць усюды. Таму не варта баяцца цяжкасцей, - расказала студэнтка 2 курса медыка-дыягнастычнага факультэта Ірына Шэйко, - і варта помніць, што ў вну ёсць яшчэ шмат магчымасцей рэалізаваць сябе ў навуковай дзейнасці, спартыўнай, творчай. Я, напрыклад, буду ўдзельнічаць у конкурсе “Каралева Студэнцтва”, для мяне гэта новы цікавы вопыт.

У Гродзенскім медыцынскім універсітэце ёсць адзіны ў краіне медыка-псіхалагічны факультэт. Для абітурыентаў студэнты падрыхтавалі цікавыя трэнінгі, методыкі і расказалі пра навучальны працэс.

– Я паступаў на медыка-псіхалагічны факультэт мэтанакіравана, і пра свой выбар не шкадую, - расказаў студэнт 5 курса медыка-псіхалагічнага факультэта Глеб Зычкоў, - сёння рабяты, вядома, пытаюцца ў нас, як праходзіць навучанне. Хочацца сказаць, што ў нашай вну створаны максімальна спрыяльныя ўмовы для вучобы і дасягнення сваіх мэт. Другое частае пытанне – кім пасля заканчэння вучобы мы будзем працаваць. На ўсе гэтыя пытанні мы адказалі, гутарылі не толькі са школьнікамі, але і з бацькамі.

На пляцоўцы педыятрычнага факультэта для абітурыентаў падрыхтавалі некалькі секцый. Асноўны накірунак – практыка-арыентаванае навучанне. Кожны жадаючы мог апрабаваць розныя маніпуляцыі на сучасных манекенах. Сярод іх – рэанімацыйны макет, на якім можна патрэніравацца пад кантролем мабільных дадаткаў. Асобны ажыятаж назіраўся каля макета па спавіванні.

– Другая наша секцыя – анатамічная. Тут мы расказалі пра анатамічныя асаблівасці дзяцей і паказалі іх, - расказала студэнтка 4 курса педыятрычнага факультэта Анастасія Выркоўская. – Самае папулярнае пытанне ад школьнікаў: “Якім спецыялістам можна працаваць пасля вучобы?”. На стэндзе і ў інфармацыйных брашурах прадстаўлена ўся інфармацыя.

Паралельна абітурыенты і бацькі маглі пагутарыць з дэканамі і намеснікамі дэканаў факультэтаў. Яны адказалі на ўсе пытанні, якія ўзніклі, расказалі пра структуру факультэтаў.

Падчас Дня адкрытых дзвярэй адбылася традыцыйная сустрэча з рэктарам і членамі прыёмнай камісіі. Да прысутных з прывітальным словам звярнуўся рэктар Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Ігар Георгіевіч Жук:

– Сённы вы знаходзіцеся ў адной з вядучых вну краіны. Нашы выпускнікі атрымліваюць якасную адукацыю, асвойваюць найвысокія тэхналогіі ў сферы медыцыны. Больш за 50 працэнтаў прафесарска-выкладчыцкага складу нашай вну маюць вучоныя званні і ступені. Для выкладання, чытання лекцый і правядзення навуковых канферэнцый мы прыцягваем калегаў не толькі з іншых вну, але і з замежных краін. У Гродзенскім медуніверсітэце рыхтуюць запатрабаваных спецыялістаў, якія пасля вучобы працуюць у рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтрах, ва ўсіх абласцях і рэгіёнах краіны. Але ўніверсітэт – гэта не толькі вучоба, гэта жыццё, напоўненае ўсімі яго люботамі. Студэнцкія гады – самыя шчаслівыя гады ў жыцці кожнага чалавека. Ва ўніверсітэце шмат магчымасцей, каб рэалізаваць сябе ў вучобе, у спорце, у творчасці.

Першы прарэктар ГДМУ Віталь Уладзіміравіч Вараб’ёў выступіў з падрабязнай інфармацыяй пра гісторыю і дасягненні ГДМУ, студэнцкае жыццё, магчымасці развіцця навуковага і творчага патэнцыялу моладзі.

Асобным блокам расказалі і пра будучую прыёмную кампанію-2022. Усю актуальную інфармацыю пра работу прыёмнай камісіі ГДМУ можна знайсці на афіцыйным сайце ўніверсітэта.  http://www.grsmu.by/ru/entrants/

Дарэчы, у канцы традыцыйнай сустрэчы для абітурыентаў правялі незвычайную акцыю: разыгралі месца ў інтэрнаце. Такую цікавую ідэю рэалізавалі ў ГДМУ ў мінулым годзе на Дні адкрытых дзвярэй. І сёння зноў правялі гэтую акцыю. Пераможцай стала школьніца з Навагрудка Кацярына са шчаслівым нумарам 4.

На Дзень адкрытых дзвярэй у ГДМУ прыехалі школьнікі з розных куткоў краіны. Святлана разам з дачкой інфармацыю прачыталі на сайце ўніверсітэта. І вырашылі абавязкова наведаць гэтае мерапрыемства.

– Мы прыехалі з аграгарадка Верцялішкі. Вельмі рады, што сёння можна пагутарыць не толькі са студэнтамі, але і з кіраўніцтвам вну, - расказала Святлана, - у нас тата ўрач, і ён толькі “за”, каб дачка пайшла ў медыцыну. Але пакуль думае, куды паступаць: на біятэхнолага ці ў медыцынскую вну. Таму вырашылі на свае вочы пабачыць і пагаварыць са студэнтамі і дэканамі факультэтаў. Уражвае, з якім энтузіязмам, натхненнем і любоўю студэнты ГДМУ расказваюць пра вучобу, універсітэт і пра выкладчыкаў. Гэта вельмі здорава!




Матэрыял падрыхтаваў аддзел па сувязях з грамадскасцю і маркетынгу

Фота Аляксандра Мінько

Назад