У ГрДМУ адкрыта экспазіцыя да 100-годдзя з дня нараджэння прафесара-фармаколага М.У. Караблёва

Напярэдадні Дня беларускай навукі 24 студзеня ў ГрДМУ прайшла канферэнцыя "Актуальныя пытанні фармакалогіі і фармакатэрапіі". Такая тэма была выбрана нездарма: 24 студзеня мы адзначылі 100 гадоў з дня нараджэння прафесара Міхаіла Васільевіча Караблёва.
На канферэнцыі выступалі яго вучні, якія расказалі пра прафесара як пра цудоўнага чалавека, таленавітага лектара, заўсёды карэктнага, ветлівага, справядлівага ў абыходжанні са студэнтамі, паважлівага і спагадлівага ў зносінах з калегамі і супрацоўнікамі. Міхаіл Васільевіч заслужыў глыбокую павагу і ўсеагульнае прызнанне яго высокага навуковага аўтарытэту.
У рамках канферэнцыі музей гісторыі ўніверсітэта сумесна з бібліятэкай арганізавалі выставу, прысвечаную Міхаілу Васільевічу. На выставе прадстаўлены фатаграфіі прафесара, яго навуковыя працы, а таксама ўзнагароды, атрыманыя за яго подзвігі ў час Вялікай Айчыннай вайны і неацэнны ўклад у навуку. А самымі яркімі з тэматычных раздзелаў выставы стала працоўнае месца вучонага і куток з яго доктарскай дысертацыяй і атэстатам прафесара.
У першы дзень канферэнцыі экспазіцыя размяшчалася ў канферэнц-зале, зараз яна знаходзіцца ў фае першага паверха галоўнага корпуса ВНУ. Запрашаем студэнтаў і супрацоўнікаў універсітэта наведаць выставу!