У ГрДМУ напярэдадні Дня сям'і адкрылася выстава “Традыцыйная маральнасць і сямейныя каштоўнасці”
Ролю сям'і ў жыцці чалавека пераацаніць немагчыма. І штогод 15 траўня адзначаецца Міжнародны дзень сям'і.
Напярэдадні свята ў Гродзенскім медыцынскім універсітэце адкрылася тэматычная выстава “Традыцыйная маральнасць і сямейныя каштоўнасці”, падрыхтаваная сумесна з Гродзенскай праваслаўнай епархіяй.
Удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця прынялі рэктар Гродзенскага медуніверсітэта Ігар Жук, Архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній, кіраўнік аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Гродзенскай епархіі іерэй Ігар Данільчык, намеснік кіраўніка аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Гродна каардынатар Гродзенскай епархіі па абароне сямейных каштоўнасцей, мацярынства і дзяцінства іерэй Аляксандр Гук, адказны за супрацоўніцтва з ГрДМУ іерэй Віталь Латышаў, кіраўнік Гродзенскага абласнога грамадскага дабрачыннага аб'яднання “Гродзенскі Цэнтр абароны жыцця і сям'і “Радзіма” Марына Валачкова, а таксама супрацоўнікі і студэнты медыцынскага ўніверсітэта.
У 2021 годзе паміж ГрДМУ і Гродзенскай епархіяй Беларускай Праваслаўнай Царквы падпісаны дагавор супрацоўніцтва. Праграма прадугледжвае рэалізацыю сумесных праектаў, лекцый і мерапрыемстваў па розных напрамках. Сярод іх арганізацыя і правядзенне навукова-даследчай працы, удзел студэнтаў і выкладчыкаў у канферэнцыях, чытаннях, семінарах. Апроч навуковай дзейнасці праходзіць і шэраг сумесных мерапрыемстваў выхаваўчага і сацыяльнага характару.
У рамках супрацоўніцтва напярэдадні Дня сям'і адкрылася тэматычная выстава "Традыцыйная маральнасць і сямейныя каштоўнасці". З урачыстым словам да прысутных звярнуўся рэктар Гродзенскага медуніверсітэта Ігар Георгіевіч Жук:
– Мы даўно цесна і плённа супрацоўнічаем з праваслаўнай царквой, і яна робіць свой важкі, істотны ўклад у выхаванне нашай моладзі, прывівае дух чалавечнасці, душэўнасці, сардэчнасці. І нездарма гавораць, што ўсё пачынаецца з сям'і: калі ў сям'і чалавек атрымлівае годнае выхаванне, калі ён бачыць стаўленне сваіх бацькоў адзін да аднаго, да блізкіх, да Радзімы, проста праява чалавечнасці, то ў гэтай сям'і расце сапраўдны чалавек.
Ігар Георгіевіч адзначыў, што ў Беларусі створаны ўсе ўмовы для развіцця асобы і сямейных каштоўнасцей. Гэтаму садзейнічаюць і грамадзянскія інстытуты, і ўстановы адукацыі, і, вядома ж, усе нашы канфесіі, якія працуюць на карысць краіны.
– Мы ўсе павінны ведаць гісторыю сваёй сям'і, ведаць нашы карані, ведаць тое, што стваралася на працягу многіх гадоў, і, безумоўна, гэта варта берагчы, - падкрэсліў рэктар, - бо з гісторыі кожнай сям'і складаецца гісторыя народа, дзяржавы. Гэтаму напрамку надаецца вельмі важнае значэнне. Сённяшняя выстава якраз накіравана на маладое пакаленне. Памятайце, што вакол шмат людзей, выкладчыкаў, псіхолагаў, настаўнікаў, якія заўсёды вам дапамогуць, калі ўзнікнуць цяжкасці. І важна, каб вы, як будучыя лекары, шанавалі і бераглі сваё здароўе, здароўе блізкіх і родных не толькі фізічнае, але і духоўнае.
Архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній у сваю чаргу таксама падкрэсліў важнасць супрацоўніцтва бакоў у сферы духоўна-маральнага выхавання і фарміравання характару ў маладога пакалення.
– Калі мы з вамі гаворым пра сям'ю, то разумеем, што гэта найбліжэйшы для нас выраз пасля слоў "мама" і "тата", - сказаў Архіепіскап Антоній, - у кожнага з нас ёсць бацькі, і без іх не было б нас. Інстытут сям'і – гэта самая старажытная адукацыя і без яе немагчымае чалавечае жыццё. На сучасным этапе для моладзі існуе шмат выклікаў, і важна, каб вы не паддаваліся на іх. І памятайце, галоўнае ў чалавеку - гэта не вонкавая годнасць, а ўнутраны свет.
У экспазіцыі выстаўкі прадстаўлены матэрыялы на найбольш актуальныя тэмы, узнімаюцца пытанні і праблемы, з якімі сутыкаецца моладзь: душэўная і цялесная чысціня, цнота, пробныя "грамадзянскія шлюбы", пытанні сям'і і шматдзетнасці, сэнс жыцця, закаханасць і сапраўднае каханне.
Каардынатар Гродзенскай епархіі па абароне сямейных каштоўнасцей, мацярынства і дзяцінства іерэй Аляксандр Гук у час адкрыцця выстаўкі падкрэсліў, што такія экспазіцыі дазваляюць прыцягнуць увагу грамадскасці да пытанняў сям'і, скарачэння колькасці абортаў і павелічэння нараджальнасці, а таксама фарміравання ў маладога пакалення пазітыўнага стаўлення да сямейных каштоўнасцей.
– Выстаўка распавядзе аб прынцыпах сямейнага жыцця, аб тых памылках і разбуральных фактарах, якія перашкаджаюць стварыць сям'ю, - сказаў іерэй Аляксандр Гук, - на стэндах даецца тлумачэнні многім паняццям, напрыклад - "каханне", "закаханасць", чым яны адрозніваюцца, на чым грунтуюцца у сучасным свеце. Усе гэтыя пытанні ўзнімаюцца і ім даецца тлумачэнне.
Пасля адкрыцця выставы студэнты змаглі асабіста азнаёміцца з экспазіцыяй і задаць пытанні святарам.
Матэрыял падрыхтаваў аддзел па сувязях з грамадскасцю і маркетынгу
Фота Аляксандра Мінько