У ГрДМУ праходзіць здача дзяржаўных іспытаў
У Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце працягваецца здача дзяржаўных іспытаў. Важны для студэнтаў этап - гэта своеасаблівая фінішная прамая і падвядзенне вынікаў за 6-гадовы перыяд навучання.
Дзяржаўны экзамен сёння здаюць студэнты лячэбнага і педыятрычнага факультэтаў. Форма здачы класічная: студэнт выцягвае білет, рыхтуецца і адказвае экзаменатару.
- Сёння студэнты педыятрычнага факультэта здаюць экзамен па грамадскім здароўі і ахове здароўя. Дзеці вывучалі прадмет на 5-6 курсах. Здаюць яго 77 выпускнікоў, - распавёў дэкан педыятрычнага факультэта Андрэй Леанідавіч Гурын. – У экзаменацыйным білеце 4 пытанні і задача, як варыянт практычнага навыку. На нашым факультэт хлопцы здаюць тры дзяржэкзамены: педыятрыя, дзіцячая хірургія і грамадскае здароўе і ахова здароўя. Студэнты настроены добра, але пабойваюцца іспыту, аднак, як правіла, усё праходзіць выдатна, і пасля здачы хлопцы выходзяць з усмешкамі.
Сёлета, паводле слоў дэкана, сярод тых, хто скончыць ВНУ з чырвоным дыпломам, чакаецца 9 студэнтаў. Гэта больш за 10% ад агульнай колькасці выпускнікоў.
Таццяна Берасцень - студэнтка 6 курса педыятрычнага факультэта. Дзяўчына ў ліку тых, хто прэтэндуе на чырвоны дыплом. Дарэчы, Таццяна не толькі выдатнік вучобы, але і пераможца Міжнароднай алімпіяды па педыятрыі.
- Уражанні ад іспытаў добрыя, усё прайшло вельмі хутка і лёгка, - дзеліцца эмоцыямі выпускніца, - за гады вучобы ацэнкі ў мяне ў асноўным - восем, дзевяць, дзесяць. Была адна сямёрка на першым курсе, але яе пасля пераздала, і атрымліваецца, што прэтэндую на чырвоны дыплом. Гэтым я вельмі ганаруся! Першапачаткова мэты скончыць ВНУ на "выдатна" не было, бо галоўнае - любіць сваю прафесію, сваю будучую спецыяльнасць і ісці да высокіх вынікаў.
Будучы ўрач будзе працаваць па размеркаванні ў Зэльвенскай ЦРБ рэаніматолагам-анестэзіёлагам. Дзяўчына адзначае, што задаволеная такім вынікам: "Мне важная спецыяльнасць, а не горад, таму я вельмі рада".
Апроч студэнтаў педыятрычнага факультэта, іспыт сёння таксама здалі і студэнты самага шматлікага факультэта - лячэбнага. Гэта трэці дзяржаўны іспыт, выніковая атэстацыю студэнты здаюць па дысцыпліне "Акушэрства і гінекалогія".
У экзаменацыйным білеце 3 пытанні і адна карта задач. На падрыхтоўку адказу адводзіцца каля 20 хвілін, але, як адзначылі экзаменатары, ёсць тыя студэнты, хто адказваюць адразу.
- Усяго хлопцы здаюць 4 экзамены: першыя два - унутраныя хваробы і хірургічныя хваробы, іх прайшлі паспяхова. На гэтым тыдні здаюць іспыт па акушэрстве і гінекалогіі, завяршальны будзе па грамадскім здароўі і ахове здароўя, - распавёў дэкан лячэбнага факультэта Андрэй Віктаравіч Болтач. - Дзяржаўныя іспыты ў гэтым годзе здаюць 296 студэнтаў лячэбнага факультэта, плануецца 58 выпускнікоў з чырвонымі дыпломамі.
Як адзначыў Андрэй Віктаравіч, у параўнанні з мінулым годам колькасць выпускнікоў, якія заканчваюць ВНУ з чырвонымі дыпломамі, павялічылася.
- Адным з самых складаных лічыцца іспыт па ўнутраных хваробах. Па ім сёлета не было нават пяцёрак, адзнакі - ад шасці і вышэй. Па хірургічных хваробах сярод тых, хто здае, было толькі дзве шасцёркі, астатнія вышэй, шмат хлопцаў, якія атрымалі вышэйшы бал. Гэта таксама, безумоўна, добры паказчык, - падсумаваў дэкан лячэбнага факультэта.
Сярод тых, хто прэтэндуе на чырвоны дыплом, і студэнтка 6 курса лячэбнага факультэта Аляксандра Собаль. Дзяўчына - выдатніца вучобы, да шостага курса ў студэнткі няма ніводнай адзнакі ніжэй за дзевяць.
- Падрыхтоўка да дзяржэкзаменаў займае час. Бо аб'ёмы інфармацыі вялікія, імкнешся ўсё запомніць, нешта ўспомніць, але ў цэлым іспыты праходзяць добра, - распавядае Аляксандра.
Першапачаткова мэты атрымаць чырвоны дыплом пасля заканчэння ВНУ ў Аляксандры не было, аднак бэкграўнд быў важкі - школу дзяўчына скончыла з залатым медалём:
- Я ведала, што вучоба ў медыцынскім універсітэце цяжкая, таму загадзя не разлічвала на чырвоны дыплом. Мой дэвіз першапачаткова быў: "Імкнуцца рабіць усё што ў маіх сілах". Студэнтам малодшых курсаў хачу параіць навучыцца тайм-мэнэджменту, таму што падзяляць адпачынак і вучобу - важна. Трэба абавязкова знайсці нейкае хобі, захапленне. У маім выпадку гэта быў спорт (Аляксандра выступала за зборную ВНУ па валейболе), для мяне гэта быў выдатны спосаб скінуць адрэналін.
Аляксандра Собаль размеркавалася ў Брэсцкі абласны анкалагічны дыспансер. Дзяўчына будзе працаваць урачом-анколагам. Аляксандра зазначае, што задаволена размеркаваннем і тым, што вернецца ў родны горад. А наперадзе застаўся толькі фінальны этап - здача іспыту.
Матэрыял падрыхтаваў аддзел па сувязях з грамадскасцю і маркетынгу
Фота: Аляксандр Мінько