Прэс-цэнтр Навіны

У ГрДМУ прайшла навукова-практычная канферэнцыя, прысвечаная 95-годдзю з дня нараджэння прафесара Дзмітрыя Андрэевіча Маслакова

04 трауня 2022 — 15:16

Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя студэнтаў і маладых вучоных, прысвечаная 95-годдзю з дня нараджэння прафесара Дзмітрыя Андрэевіча Маслакова, праходзіла ў Гродзенскім медуніверсітэце на працягу двух дзён.

Старшыня Савета студэнцкага навуковага таварыства, кандыдат медыцынскіх навук Ігар Святаслававіч Савіцкі адзначыў, што ў гэтым годзе колькасць удзельнікаў павялічылася – рамках канферэнцыі працавалі 18 секцый і падсекцый. Удзел у канферэнцыі прынялі 565 чалавек, было пададзена 487 работ, заслухана ў вочным і інтэрактыўным фармаце 250 дакладаў.

Вынікі і ўзнагароджанне дакладчыкаў рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі правялі падчас пленарнага пасяджэння. Урачыстая частка пачалася з даклада дацэнта кафедры паталагічнай фізіялогіі імя Д.А. Маслакова Міхаіла Мікалаевіча Хадасоўскага. Ён распавёў удзельнікам канферэнцыі аб вучэбнай, навуковай і практычнай дзейнасці прафесара, адзначыў яго важкі ўклад у развіццё не толькі ўніверсітэта, але і медыцыны на Гродзеншчыне.

– У 1962 годзе было прынята рашэнне прызначыць Дзмітрыя Андрэевіча Маслакова рэктарам Гродзенскага медыцынскага інстытута. На гэтай пасадзе ён адпрацаваў доўгія 36 гадоў. Акрамя таго, пасля сыходу з рэктарства, Дзмітрый Андрэевіч працягваў 5 гадоў узначальваць кафедру паталагічнай фізіялогіі, – адзначыў падчас выступу Міхаіл Мікалаевіч.

Аб жыццёвых вехах Д.А. Маслакова расказала і дачка прафесара – дацэнт 1-й кафедры хірургічных хвароб Наталля Дзмітрыеўна Маслакова.

– Дзмітрый Андрэевіч заўсёды беражліва ставіўся да людзей. Заўсёды першы вітаўся са студэнтамі. Быў нават адзін выпадак: калі я працавала ў Гомелі, ён заехаў да мяне, і мой калега, прыйшоўшы на працу кажа: «Гляджу – Дзмітрый Андрэевіч. Я збянтэжыўся, а ён са мной павітаўся», і я кажу потым таце: «У цябе памяць геніяльная, але як магчыма запомніць у твар усіх студэнтаў?», а ў адказ: «Я бачу, што чалавек глядзіць на мяне і вітаюся першы», – успамінае Наталля Дзмітрыеўна. – Ён рыхтаваўся заўсёды да кожнай лекцыі, знаходзіў нешта новае, абдумваў. І заўсёды з душой ставіўся да ўсіх.

Перад узнагароджаннем удзельнікаў навукова-практычнай канферэнцыі з прывітальным словам да прысутных звярнуўся прарэктар па навуковай рабоце Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Сяргей Барысавіч Вольф:

– Значную ролю ў маім лёсе таксама адыграў Дзмітрый Андрэевіч Маслакоў. У свой час ён падпісаў загад аб залічэнні студэнтаў у медыцынскі інстытут, у складзе той групы быў і я. На 4 курсе я сышоў на ваенна-медыцынскі факультэт, але праз час, па вяртанні ў Гродна, Дзмітрый Андрэевіч падпісаў загад аб залічэнні мяне ў аспірантуру. Потым з такім жа поспехам, праз тры гады, ён мяне адтуль адлічыў, залічыўшы на пасаду асістэнта кафедры фтызіятрыі.

Дзмітрый Андрэевіч быў вельмі ўнікальным і выдатным чалавекам. І самае важнае, з майго пункту гледжання, – рэктар заўсёды, нават у многіх спрэчных выпадках, быў за студэнтаў. Калі мы планавалі канферэнцыю сёлета, то ні ў кога не ўзнікла сумненняў, што канферэнцыя павінна быць прысвечана памяці Дзмітрыя Андрэевіча Маслакова.


Матэрыял падрыхтаваў аддзел па сувязях з грамадскасцю і маркетынгу.
Фота Аляксандра Мінько

 

Назад