У Гродзенскім медуніверсітэце адкрылі кабінет-музей выдатнага акадэміка Юрыя Міхайлавіча Астроўскага
Мемарыяльны кабінет-музей Юрыя Міхайлавіча Астроўскага адкрылі ў навучальным корпусе ГрДМУ па адрасе БЛК, 50. Менавіта тут пры жыцці вучонага размяшчалася яго працоўнае месца. У абноўленым кабінеце ўдалося ўзнавіць асаблівую атмасферу, захаваўшы ў першапачатковым выглядзе кожную дэталь, якая адлюстроўвае асобу і дзейнасць навукоўца.
Удзел у адкрыцці кабінета-музея прынялі рэктар, прарэктары, калегі і вучні знакамітага вучонага, а таксама студэнты.
- Кабінет-музей з'явіўся ў 1992 годзе, пасля скону Юрыя Міхайлавіча Астроўскага. Сёлета па ініцыятыве рэктара адбылося яго маштабнае абнаўленне. Працоўны стол, таршэр, лямпа, тэлефон, – практычна ўсё, што прадстаўлена ў музеі, належала акадэміку, – распавяла загадчык музея гісторыі ГрДМУ Яна Вітальеўна Законнікава. - Сярод экспанатаў-дысертацыі яго вучняў, працы Юрыя Міхайлавіча, кнігі, узнагароды, медалі, граматы. Кожная вітрына нашага музея распавядае пра пэўны перыяд жыцця Юрыя Міхайлавіча. Пры стварэнні музея мы звярталіся, у першую чаргу, па дапамогу да яго вучняў. Яны перадалі ў музеі каштоўныя экспанаты, і таксама кансультавалі, каб дапамагчы ўзнавіць выгляд кабінета пры жыцці акадэміка.
Кабінет-музей налічвае каля 5000 экспанатаў. Як патлумачыла Яна Вітальеўна, кожны дакумент лічыцца асобным экспанатам, да таго ж Юрый Міхайлавіч пісаў працы не толькі на рускай мове, таму не варта здзіўляцца такой вялікай лічбе.
- Кабінет-музей будзе цікавы не толькі студэнтам нашай ВНУ. Наведаць яго зможа любы жадаючы, бо тут сабраны ўнікальныя экспанаты, якія не толькі раскажуць пра жыццё вучонага, але і пакажуць, як зараджалася біяхімія на Гродзеншчыне, – падсумавала Яна Вітальеўна.
Для ўніверсітэта адкрыццё кабінета-музея Юрыя Міхайлавіча Астроўскага-важная і знакавая падзея. Бо Юрый Міхайлавіч стаяў ля вытокаў зараджэння ўсяго Гродзенскага медінстытута і стварэння кафедры біяхіміі, якая з'яўляецца адной з найважнейшых кафедраў у рамках вышэйшай медыцынскай адукацыі.
- У 1974 годзе я прыйшоў у навуковы гурток кафедры біяхіміі, дзе першае пасяджэнне праводзіў Юрый Міхайлавіч. Адразу зачапіла яго манера і падыход да справы, ён мог запаліць сваімі словамі, эмоцыямі, веданнем прадмета, – распавёў прарэктар па міжнародных сувязях і пазабюджэтнай дзейнасці Віталь Уладзіміравіч Вараб'ёў. - Юрый Міхайлавіч валодаў фенаменальным талентам шукаць, ствараць нешта новае. Убачыць актуальныя напрамкі, якія былі ў той час, перспектыву, рэчы, – гэта шмат чаго варта.
Талент знакамітага Гродзенскага вучонага адзначалі і калегі. З успамінаў: падчас аднаго Усесаюзнага навуковага сімпозіума акадэмік Сяргей Яўгенавіч Севярын, які ўзначальваў Усесаюзнае біяхімічнае Таварыства, адзначыў, што па навуковай актыўнасці пасля Масквы, Ленінграда і Кіева стаіць Гродзенская біяхімічная школа (і гэта ў маштабах усяго Савецкага Саюза), тым самым паказваючы, настолькі была вялікая ў Юрыя Міхайлавіча актыўнасць і ўменне арганізаваць усю дзейнасць.
- Другая рыса вучонага - яго талент стварыць на перыферыйным горадзе, па мерках Савецкага Саюза, навуковы цэнтр. Бо за гэтым стаіць многае, і не толькі навуковая праца, трэба ўмець убачыць перспектыву, пераканаць кіраўніцтва краіны ў стварэнні і неабходнасці цэнтра. Усё гэта было па сілах акадэміку, - адзначыў Віталь Уладзіміравіч. - Сёння традыцыі, закладзеныя Юрыем Міхайлавічам, працягваюць жыць. Засталіся даследаванні тых праблем, якія ўздымаў навуковец, напрыклад, таксікалагічнага алкагалізму, стварэння лекавых прэпаратаў.
Перад адкрыццём мемарыяльнага кабінета-музея Юрыя Міхайлавіча Астроўскага кіраўніцтва універсітэта, супрацоўнікі і вучні ўсклалі кветкі да мемарыяльнай дошцы вучонага, тым самым ушанаваўшы памяць знакамітага акадэміка.