Прэс-цэнтр Навіны

VII адкрыты літаратурны конкурс клуба «Катарсіс»

17 трауня 2018 — 14:30

У канферэнц-зале Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта адбылася ўрачыстая імпрэза з нагоды заканчэння VII адкрытага літаратурнага конкурсу клуба «Катарсіс». Сёлетні конкурс стаў сапраўды адметнай з’явай не толькі для самога клуба, але і для ўсяго пісьменніцкага асяроддзя. Па-першае, у ім прыняла ўдзел рэкордная колькасць аўтараў – 50 чалавек. Па-другое, аўтары прадстаўлялі пятнаццаць гарадоў Беларусі і нават Дзюсельдорф (Германія). Па-трэцяе, вельмі прадстаўнічым было і сёлетняе журы: чатыры чалавекі прадстаўлялі Саюз пісьменнікаў Беларусі, Саюз беларускіх пісьменнікаў, Саюз пісьменнікаў Расіі і грамадскі клуб «Катарсіс». Трэба адзначыць і высокі мастацкі ўзровень конкурсных твораў: практычна не было прывычных літаратурных штампаў, банальных сюжэтаў і вобразаў. Таму і канкурэнцыя склалася даволі вострая. Тым не менш, вызначыліся пераможцы, якія атрымалі дыпломы і прыгожыя альбомы пра Гродна.

У намінацыі «Паэзія» месцы размеркаваліся наступным чынам:

1 месца - Кастусь Севярынец, Яўгенія Хільмановіч.
2 месца - Аляксандр Клімавец, Таццяна Цвяткова.
3 месца - Дзяніс Шпіронак, Тамара Ігнатовіч.

У намінацыі «Проза» пераможцамі сталі:

1 месца - Андрэй Жмакін.
2 месца – Ганна Сітнікава.
3 месца – Мікіта Валько.

Усім удзельнікам конкурсу адпраўлены памятныя сертыфікаты. Хацелася б падзякаваць за фундатарскую дапамогу кіраўніцтву ГрДМУ і першаснай арганізацыі БРСМ ГрДМУ ў асобе Віктара Зарадзея. Наступны, 2019 год будзе юбілейным, дваццатым для «Катарсіса». Спадзяемся, што ўдзел у конкурсе прыме яшчэ большая колькасць удзельнікаў.

 Старшыня клуба «Катарсіса», старшыня журы конкурсу Віктар Варанец

Назад