Гісторыя
Кафедра отарыналарынгалогіі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта была арганізавана ў 1961 годзе. Арганізатарамі кафедры былі асістэнт В.Я. Гапановіч і дацэнт М.В. Мякіннікава.
Першым загадчыкам кафедры быў д.м.н., прафесар С.С. Грабштэйн (1962 - 1963 гг.). Прыярытэтнымі напрамкамі яго навуковай дзейнасці былі захворванні гартані, пытанні танзілярнай паталогіі, дыягностыка і лячэнне кохлеавестыбулярных парушэнняў пры атэрасклерозе.
З 1964 года кафедру ўзначаліў доктар медыцынскіх навук, прафесар М.І. Аўсяннікаў. Ім упершыню ў СССР распрацавана і ўкаранёна ў практыку методыка мастаідапластыкі злучальна-тканкавым лапікам, укаранёны метады пластычных аперацый пры заганах развіцця вушной ракавіны, метады касметычных і пластычных аперацый носа. Ён арганізаваў працу абласнога навуковага таварыства оталарынголагаў.
Дацэнт Шнейдэр Б.М. займаўся пытаннямі лячэння захворванняў каляносавых пазух, абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме: "Дыягностыка і лячэнне хранічных захворванняў лобных пазух метадам трэпанапункцыі".
У 1986 году кафедру ўзначаліў д.м.н., прафесар В.Д. Меланьін. Упершыню ў отарыналарынгалогіі быў знойдзены аптымальны метад кансервавання і захоўвання тканак у слабых растворах фармаліну з мэтай наступнай перасадкі, распрацаваны і ўкаранёны ў практыку эфектыўныя метады хірургічных умяшанняў пры траўматычных пашкоджаннях ЛОР-органаў, дабраякасных пухлін лобных пазух, мастаідыце, дэфармацыі носа, кандуктыўнай глухаватасці з прымяненнем касцявых і храстковых ала- і ксенагенных тканак і імплантатаў.
З 1998 года кафедру ўзначальвае д.м.н., прафесар Хораў А.Г. Увабраўшы лепшыя традыцыі свайго настаўніка, Алег Генрыхавіч працягвае развіваць ідэі, укараняе новыя метады дыягностыкі і лячэння. Асаблівую ўвагу ён звяртае на хірургічную рэабілітацыю хворых на хранічны гнойны сярэдні атыт. Хораў А.Г. распрацаваў і ўкараніў метад тэставага камп’ютарнага кантролю ведаў студэнтаў. Ён ініцыяваў і разам з паплечнікамі ўкараніў скрынінг слыху ў нованароджаных і дзяцей ранняга ўзросту ў Гродзенскай вобласці і Беларусі, першым у Беларусі выканаў імплантацыю касцявога апарата Баха, кахлеарную імплантацыю ў рэгіёнах Беларусі, апараты Вайбрант і Бонбрыдж. Супрацоўнікамі кафедры былі распрацаваны навучальныя праграмы па отарыналарынгалогіі для медыка-псіхалагічнага і медыка-дыягнастычнага факультэтаў, метадычныя рэкамендацыі для студэнтаў і выкладчыкаў па розных раздзелах отарыналарынгалогіі.