Пресс-центр Новости

Па сваім шляху разам з ГрДМУ

16 мая 2024 — 12:14

Віктар Іванавіч Варанец – гэта чалавек, які рупліва працуе на ніве Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, менавіта ён прысвяціў гімн гэтай адукацыйнай установе. Здабываючы кожны дзень нешта новае для сябе, Віктар Іванавіч захоўвае нашу спадчыну, дзякуючы створанаму этнаграфічнаму музею.

Рэдактар газеты "Эскулап" узяла інтэрв’ю ў гэтага цудоўнага чалавека, выкладчыка, пісьменніка, які прасякнуты тонкім гумарам і адданы сваёй справе …

Віктар Іванавіч, у медыцынскім універсітэце Вы працуеце больш за 30 гадоў. Чаму выбралі прафесію выкладчыка? Хто паўплываў на гэта?

- Я вялікі аматар добрай літаратуры, вобразнага слова, а гэта, зразумела, філалагічны факультэт, на якім і скончыў аддзяленне «Руская мова і літаратура і беларуская мова і літаратура».

Спачатку быў настаўнікам у вёсцы, працаваў 5 гадоў, затым, калі адчынілі першую гімназію – у Гродне. У 1991 годзе ў нас ва ўніверсітэце пачала выкладацца беларуская мова для тых, хто не вывучаў яе ў школе. А тады гэта была амаль трэцяя частка студэнтаў першага курса. Мне захацелася паспрабаваць сябе ў нечым новым, нязведаным, што магла даць толькі вышэйшая навучальная ўстанова. Падаў дакументы на конкурс, прайшоў.

Зусім нядаўна адзначылі 25-годдзе літаратурнага клуба «Катарсіс». Як бы хутка ні развіваліся сучасныя тэхналогіі, чалавеку проста жыццёва неабходны духоўныя каштоўнасці. На вашу думку, якія магчымасці дае ваш клуб «Катарсіс» студэнтам-медыкам, выкладчыкам?

- Калі чалавек сядае і пачынае пісаць, ён абавязкова дакранаецца да цудоўнага і чароўнага свету літаратуры, падбіраецца да яе глыбінных скарбаў, шліфуе сваю мову, становіцца больш адухоўленым, інтэлегентным чалавекам, бо сапраўдная літаратура абавязкова гэтаму спрыяе. Калі чалавек мае нейкі талент, гэта цудоўна. Але ў пісьменніцкай справе, як, зрэшты, і ў іншых формах нашага існавання, талент – гэта не больш за 20% поспеху,  астатняе – штодзённая, руцінная праца.

Што канкрэтна да пісьменніцкай дзейнасці, дык пачаткоўцу абавязкова трэба навучыцца тэхніцы вершаскладання або пабудовы празаічнага твора. І вось тут на дапамогу прыходзіць наш клуб. На першым курсе штогод у «Катарсіс» запісваецца чалавек 20, і амаль усе яны лічаць сябе добрымі пісьменнікамі, паэтамі. Потым, калі даведваюцца, што ёсць такое паняцце, як літаратурны памер, рытм, рыфма, сімволікі элемента і т.п., што трэба сапраўды вучыцца пісаць, то застаецца, у лепшым выпадку, 1-2 чалавекі. Затое, тыя, хто застаўся, гэта ўжо выключна нашыя людзі.

 У адным з інтэрв’ю Вы казалі: «Нельга стаць геніем, але добрым пісьменнікам можна быць». А як адрозніць штучна зробленыя творы, над якімі добра папрацавалі, ад графаманства?

- Калі чытаеш твор, то адразу адчуваеш, чапляе цябе ці гэта проста канстатацыя фактаў, падробка пад вядомых пісьменнікаў. Напрыклад, газета: наўрад ці хтосьці будзе настолькі захоплены газетным артыкулам, што пакладзе яго на палічку і будзе час ад часу перачытваць. Бо гэты жанр не патрабуе мастацкасці, глыбыні вобразаў. А мастацкая літаратура розная па жанравых накірунках, па стылістыцы, але калі добра зроблены твор, то кожны чалавек знойдзе ў ім нешта для сябе. Ці, напрыклад, верш: калі час ад часу ты яго ўзгадваеш, цытуеш, то гэта, сапраўды, паказчык добрай паэзіі. Але ёсць літаратура, якая без прэтэнзій на вялікасць, але дапамагае добра бавіць час, напрыклад, у дарозе. І гэта таксама мае права быць.

У нас ёсць студэнты, якія пішуць творы, што на самой справе грэюць душу. А ёсць аўтары, якім не даў Бог таленту, але дзякуючы вялікаму жаданню, працалюбству і ўпартасці ствараюць нядрэнныя рэчы і нават становяцца пераможцамі рэспубліканскіх конкурсаў.

Вы больш літаратурны крытык ці мастак?

- Увогуле я пачынаў з паэзіі. Але я не атаясамляю сябе з паэтамі. Так, я ведаю, як пісаць, і ведаю як навучыць пісаць. Але гэта ўжо іншая справа. Увогуле, мы вельмі ганарымся, што сярод універсітэтаў Беларусі наш – медыцынскі ўніверсітэт, заўсёды дзеліць першае-другое месца, далёка апярэджваючы тыя ўстановы адукацыі, дзе самой прафесіяй наканавана пісаць добрыя творы. Можа, я ўсё жі дагрукаўся да нашых паэтаў і навучыў іх хоць крыху пісаць.

У той жа час сам я люблю пісаць прозу, асабліва гістарычныя дэтэктывы. Друкуць мае творы такія часопісы: «Полымя», «Маладосць» і інш., неаднаразова перамагаў у рэспубліканскіх конкурсах апавяданняў. Як жартуюць мае сябры: добра табе, Віктар, як няма чаго пачытаць, сам сабе пішаш і чытаеш…

Чаму нельга параўноваць прозу і паэзію ў кантэксце – лягчэй /цяжэй? Патлумачце, калі ласка.

Мне здаецца немагчыма і параўноўваць. Усе пачынаюць з паэзіі, бо моладзь, каханне… Калі чалавек набывае досвед і крыху губляе рамантызм – пераходзіць у прозу. Але я заўважыў цікавую тэндэнцыю апошніх 8 гадоў – у нас студэнты пачынаюць з прозы, а не з вершаў. Я назіраю за маладымі аўтарамі: яны сапраўды празаічныя. Ружовыя летуценні, конь з крыламі – не цікавіць. Ім бы паразважаць, падумаць над сэнсам жыцця, падзяліцца нейкімі ўражаннямі – пафіласофстваваць. Але не марыць і не адлятаць у той рамантычны свет, што быў уласцівым маёй маладосці.

Атрымалася дзіўная сітуацыя, што празаікаў больш, чым паэтаў, хоць раней было 1-2 празаікі, а астатнія – паэты. Час робіць свае карэкцыі. У любым выпадку, да чаго цягне, тое трэба і пісаць. Іншая справа, я заўсёды гэта кажу, што пісаць трэба ўвесь час, нават калі не хочацца. Калі не будзеш штодзённа пісаць, то напрацаванае забываецца, нівеліруецца. Лепш сёння напішы і праз некалькі дзён выкінь, але пішы, пішы…

 У літаратурным конкурсе клуба «Катарсіс» удзельнічаюць паэты і празаікі з розных куткоў Беларусі, а таксама з Польшчы, Германіі. Ці трэба пашыраць магчымасці клуба і зрабіць яго міжнародным?

- Мы правялі 13 конкурсаў літаратурнага клуба «Катарсіс». Але не зусім гэта наш профіль, каб праводзіць такія вялікія імпрэзы. Нашыя студэнты ў першую чаргу – медыкі, а потым ужо пісьменнікі.

Але ўзнікае іншае пытанне. Так сталася, што мы ў Гродзенскай вобласці адзінае маладзёжнае аб’яднанне. Сярод усіх медыцынскіх універсітэтаў мы адзіныя, дзе ёсць літаратурны клуб. І ў Гродне даўно наспела патрэба, каб быў гарадскі маладёжны клуб. Да нас часта прыходзяць і студэнты з іншых універсітэтаў, навучэнцы каледжаў, школьнікі – просяць дапамагчы, падказаць, пытаюцца, ці можна ў ваш клуб… Але каб быў клуб гарадскі, то гэта быў бы новы штуршок, каб адрадзіць мінулыя традыцыі, тым больш, што попыт ёсць, але моладзь ніхто не вучыць і яны самі не вучацца. Праўда, не ведаем, хто б за гэта ўзяўся (усміхаецца).

Прыфесійны чытач – гэта….

- Можа гэта больш адносіцца да часопісаў, чым да мастацкай літаратуры. Вось ёсць нудны чытач, гэта дакладна ведаю. Ён чытае, але ўсё яму не падабаецца: то тут прыроды зашмат, то тут няма прыроды, то гэта не зусім рэальна. Вось, напрыклад, некаторыя дактары на дух не пераносяць чытаць творы, дзе апісаныя нейкія медыцынскія маніпуляцыі, бо, на іх думку, аўтар у гэтым лыка не вяжа…Але ці так гэта важна – перадаць усе дробязі прафесіі? Часцей прафесія толькі дапаўняе вобраз героя або канфлікт характараў…

 У 2013 г. атрымалі званне «Чалавек года Гродзеншчыны». Што для Вас значыць гэтая ўзнагарода?

- Прыемна, што я быў першым у нашым універсітэце, хто атрымаў такое званне. Гэта было зусім нечакана. Цікава было прааналізаваць, што ты зрабіў за гэты час, наколькі гэта сапраўды патрэбна. Увогуле, мне пашанцавала трапіць у 1992 годзе на, як кажуць, неўзаранае поле. Ніхто да гэтага не займаўся прафесійна медыцынскай тэрміналогіяй на беларускай мове, і мне за гэты час удалося зрабіць 5 тэрміналагічных слоўнікаў.

Гэта быў прафесійны штуршок, і зараз гэтыя напрацоўкі ў жыцці, у дзеянні, імі цікавяцца вучоныя і з іншых краін… З другога боку – гэта літаратурныя зборнікі “Катарсіса”, свае выданні. З трэцяга – адзіныя вучэбныя дапаможнікі па прафесійнай лексіцы ў Беларусі з грыфам «міністэрства», ВМА... І калі браць усё разам, то аказалася, што шмат зроблена. І гэта званне – доказ таму, што нездарма траціў час, што праца варта чагосьці. Ну і адчуванне сваёй запатрабаванасці.

Вы аўтар 20 вучэбных і вучэбна-метадычных дапаможнікаў, шэрагу артыкулаў па пытаннях беларускай тэрміналогіі, аўтар слоўнікаў. А ў 2018 г., 2021 г. – узнагароджаныя граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Хто або што дапамагае ў гэтым?

- Універсітэт. Па-першае, у медыцынскім універсітэце настолькі добрыя ўмовы для самаадукацыі, творчага развіцця, плённай працы. Па-другое, прыемна адчуваць сябе ў шэрагу спраў першапраходцам: той жа літаратурны клуб “Катарсіс”, а яшчэ ў свой час мне ўдалося стварыць студэнцкую канферэнцыю «Мова. Грамадства. Медыцына», якая стала ўжо рэспубліканскай. А пачыналі з невялічкіх кафедральных чытанняў на беларускай мове. А валанцёрскі цэнтр, а музей беларускай этнаграфіі...

Мы нават з выкладчыкамі былі стварылі каманду КВЗ і некалькі гадоў гулялі са студэнцкімі камандамі. Не ўяўляеце, які быў ажыятаж! У актавай зале не было дзе яблыку ўпасці. Ну і таксама прыемна, што доўгі перыяд я быў адзіным выкладчыкам беларускай мовы ва ўніверсітэце і амаль дваццаці тысячам студэнтаў пастараўся прывіць любоў да роднай мовы, культуры, традыцый. Увогуле, у ГрДМУ сапраўды цудоўна працуецца і цудоўна прыдумваецца.

Вы – кіраўнік валанцёрскага цэнтра «Cardis» Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта. Гэта яшчэ адзін вялікі пласт працы, дзе вельмі шмат накірункаў. Чаму валанцёрства і што Вас натхняе ў гэтым?

- Я з гэтым сутыкнуўся дзесьці ў пачатку 20-х гадоў, калі працаваў намеснікам дэкана медыка-псіхалагічнага факультэта. Тады мы стварылі першы невялічкі атрад і ездзілі ў Мураванскі дом-інтэрнат. І калі туды прыязджаеш, а табе хворыя людзі шчыра радуюцца, калі яны чакаюць твайго прыезду і ты сапраўды нечым можаш ім дапамагчы – узнікае думка, што, праўда, ёсць такая патрэба ў тваёй дзейнасці. А калі яе пашырыць? У 2019 годзе я вырашыў сыйсці з пасады ў дэканаце і зрабіць такую структуру ў рамках універсітэта. Мяне падтрымаў Віктар Аляксандравіч Сняжыцкі (у мінулым – рэктар Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта і Ігар Пятровіч Багдановіч – былы прарэктар па выхаваўчай рабоце) – быў выдадзены загад. Мы стварылі валанцёрскі цэнтр «Cardis».  Я яго ўзначаліў на грамадскіх пачатках,  і тады адразу вырашылі, каб былі такія атрады на ўсіх факультэтах.

Нам вельмі патрэбна прафесійная аснова, бо складана сумяшчаць з іншай дзейнасцю, а гэта праца вялізная. Большасць універсітэтаў пайшло такім накірункам. На сёння ў валанцёрскім цэнтры амаль 600 чалавек, 7 атрадаў і (на 06.05.2024) ужо са студзеня 2024 праведзена 200 мерапрыемстваў і акцый. Да нас звяртаюцца, просяць дапамогі. Да нас актыўна прыходзяць і студэнты з жаданнем стаць валанцёрамі. І цяпер неабходна павялічыць колькасць атрадаў, пашырыць поле дзейнасці.

Віктар Іванавіч, па Вашай ініцыятыве разам з  валанцёрамі цэнтра «Cardis» быў створаны музей беларускай этнаграфіі.

- Так, мінулае мы часта забываем, і ўсё, што звязана з гісторыяй побыту беларускага народа, знікае катастрафічна хутка. Ну дык давайце мы захаваем рэшткі гэтай гісторыі хаця б у рамках аднаго ўніверсітэта. Спачатку гэта быў невялічкі этнаграфічны куток. За 5 гадоў выйшлі на ўзровень музейнага пакою. На сёння ёсць 273 экспанаты, пачынаючы з прыладаў працы каменнага веку і да сярэдзіны дваццатага стагоддзя. Да нас наведваюцца 600 чалавек на год, добры паказчык, улічваючы тое, што гэта непрафесійны музей.

Адна са старонак патрыятычнага выхавання моладзі – гэта гісторыя нашых продкаў, нашай краіны.

Чым любіце займацца ў вольны ад працы час? Маеце хоббі?

- З 1982 года кожны тыдзень я хаджу ў лазню. Рыхтую венікі, склаўся добры калектыў, і гэта для мяне самая добрая аддушына. Люблю мітусню, люблю горад. На возера езжду, не рыбак, але вось грыбы люблю збіраць. Лес палюбіў з тых часоў, калі прафесійна займаўся спартыўным арыенціраваннем, і магу гадзінамі хадзіць па лесе, разглядаць галінкі, расліны… Збіраю травяныя зборы, зёлкі, а тады ўжо раблю гарбатку. Прычым, калі шпацырую, то адпачываю і ўмею падчас адпачынку не думаць пра працу і наадварот. Лічу, што гэта добрая рыса. Люблю пагуляць у більярд, хаця не так часта надаецца магчымасць.

Што б хацелі сказаць студэнтам, чытачам, валанцёрам…

- Старацца знайсці гармонію з навакольным светам, зразумець бліжняга свайго і не траціць час на пустыя разборкі, сваркі, зайздрасць і непавагу. Жыццё – найцудоўнейшая ў свеце рэч, таму радуйцеся кожнаму дню.

Віктар Іванавіч, дзякуй вялікі за суразмову!

Материал готовила Островская О.Н., редактор газеты "Эскулап"

Фото из архива ГрГМУ

 

 

Назад