Пресс-центр Новости

Адзіны дзень інфармавання, прысвечаны Дню беларускай навукі, прайшоў у Шчучыне з удзелам рэктара ГрДМУ

23 января 2023 — 11:00

19 студзеня ў Шчучыне прайшоў Адзіны дзень інфармавання. Прадстаўнік абласной інфармацыйнай групы, рэктар Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, доктар медыцынскіх навук, прафесар, намеснік старшыні Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ігар Георгіевіч Жук разам з раённай інфармацыйнай групай на чале са старшынёй Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Ганнай Станіславаўнай Хвядзюк сустрэліся з працоўнымі калектывамі гімназіі і СШ № 1 горада Шчучына.

Адзіны дзень інфармавання быў прысвечаны Дню беларускай навукі і прайшоў па тэме “Прыярытэты і асноўныя дасягненні беларускай навукі. Навукова-тэхналагічная бяспека”.

Падчас свайго выступу Ігар Жук расказаў слухачам пра асноўныя дасягненні беларускай навукі, звярнуўшы асаблівую ўвагу на дасягненні ў сферы медыцыны:

– Медыцына нашай краіны знаходзіцца на перадавых пазіцыях. Высокага ўзроўню развіцця дасягнула транспланталогія. У Беларусі выконваецца больш за 500 перасадак органаў за год. Па колькасці трансплантацый органаў і тканак на душу насельніцтва наша краіна ўваходзіць у дзясятку лепшых краін свету.

Таксама Ігар Жук зрабіў акцэнт на дзейнасці Гродзенскага абласнога кардыялагічнага цэнтра, які абсталяваны па апошнім слове тэхнікі. Ужо пяты год запар кардыялагічны цэнтр прызнаецца лепшым у краіне. На яго базе праводзіцца амаль ўвесь комплекс аперацый на сэрцы. Спікер расказаў пра будаўніцтва ў Гродне сучаснага анкалагічнага цэнтра, які дазволіць пацыентам атрымаць высокакваліфікаваную медыцынскую дапамогу ў поўным аб’ёме. Не абышоў Ігар Жук увагай змены ва ўступнай кампаніі ў ВНУ, якія ён растлумачыў на прыкладзе Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, адказаўшы на пытанні, якія ўзніклі па гэтай тэме.

Па матэрыялах выдання "Дзянніца"

 

 

Назад