Пресс-центр Новости

Рэктар ГрДМУ Ігар Жук пра падрыхтоўку медыцынскіх кадраў

08 августа 2023 — 16:20

Дата заснавання Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта — 9 жніўня 1958 года. Урачыстыя мерапрыемствы пройдуць крыху пазней — у верасні. Яно і зразумела — цяпер самая гарачая і адказная пара, якая характэрная для ўступнай кампаніі. Клопатаў у кіраўніцтва універсітэта, вядома, нямала. І ўсё ж у рэктара знайшоўся час, каб адказаць на пытанні карэспандэнта «Звязды». Гутарка ў першую чаргу закранула сёлетнюю прыёмную кампанію, але не толькі. Размова датычыла таксама прэстыжу прафесіі ўрача і якасці падрыхтоўкі кадраў.

— Ігар Георгіевіч, у чым асаблівасць сёлетняй прыёмнай кампаніі ў медыцынскі ўніверсітэт?

— Асаблівасцяў нямала. Справа ў тым, што ўступная кампанія праходзіла, можна сказаць, на працягу ўсяго навучальнага года. Падрыхтоўка пачалася з леташняга верасня, і ўжо ў лістападзе мы правялі папярэдні этап універсітэцкай алімпіяды, якая дала магчымасць пераможцам атрымаць пуцёўку ў наш універсітэт. У рэгіянальных медыцынскіх ВНУ тое зроблена ўпершыню.

Алімпіяда праходзіла ў два этапы. Першы — у рэжыме анлайн з удзелам звыш 1,5 тысячы абітурыентаў. У выніку было абрана 220 фіналістаў, якія ў лютым бягучага года прыехалі ў наш універсітэт і тут праходзілі фінальны этап алімпіяды. Былі вызначаны 22 пераможцы, якім уручылі сертыфікаты аб тым, што яны па сутнасці з’яўляюцца студэнтамі медыцынскіх рэгіянальных ВНУ і могуць быць залічаныя на першы курс па абранай імі спецыяльнасці. Пераважная большасць пераможцаў алімпіяды зрабіла выбар на карысць Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

— План прыёму не змяняецца? Як вышэйшая навучальная ўстанова адпавядае запытам грамадства?

— План вызначае Міністэрства аховы здароўя ў залежнасці ад кадравай сітуацыі на месцах: якія спецыялісты патрэбныя, у якой колькасці. Гэтыя лічбы даводзяцца да ВНУ. І наша задача — тыя прыёмныя лічбы выканаць. Што датычыць кантрольных лічбаў гэтага і папярэдняга гадоў, яны практычна не змяніліся.

— Што можна сказаць аб матывацыі студэнтаў пры паступленні? Не атрымліваецца так, што ВНУ прымае «не сваіх» студэнтаў, якія потым «сыходзяць з дыстанцыі»?

— Прыёмнай кампаніі папярэднічае вялікая прафарыентацыйная работа. У ёй удзельнічае ўся сістэма адукацыі. У сярэдніх навучальных установах створаны хіміка-біялагічныя класы, вучні якіх у будучым якраз і бачаць сябе ў медыцыне.

Нашы дэканы, студэнты выязджаюць у іншыя вобласці, знаёмяць з нашым універсітэтам. Студэнты бываюць у тых школах і гімназіях, дзе самі вучыліся, расказваюць старшакласнікам аб прафесіі ўрача, пра дасягненні нашага ўніверсітэта. Як паказала практыка, такая форма дае станоўчыя вынікі. У ВНУ паступаюць арыентаваныя абітурыенты, якія рэдка мяняюць потым сваё рашэнне.

Як правіла, тут адмоўную ролю могуць адыграць бацькі, якія пераканалі сына альбо дачку паступаць у медыцынскі універсітэт, а тыя не ўпэўненыя ў правільнасці выбару. Тут павінны вучыцца людзі, апантаныя сваёй прафесіяй. Калі студэнт лічыць, што гэта не яго — такія выпадкі выключныя.

— Мяркуючы па інфармацыі па краіне, конкурс у медыцынскія ВНУ быў даволі высокі па Беларусі — 2,5 чалавека на месца. Якія спецыяльнасці найбольш папулярныя?

— Агульны конкурс у Гродзенскі медуніверсітэт сёлета склаў 2,3 чалавека на месца. На некаторых спецыяльнасцях ён вышэйшы. Напрыклад, на педыятрыю і на медыка-дыягнастычным факультэце — 2,6 чалавека на месца, на лячэбным — 2 чалавекі. Конкурс відавочны, усе факультэты запатрабаваныя. Прыём працягваецца. Наступны этап — на платную форму навучання. Такая этапнасць таксама з’яўляецца асаблівасцю сёлетняга прыёму.

— Не так даўно на абласной нарадзе па кадравых пытаннях былі агучаны вынікі сацыялагічнага апытання. Дык вось, 20 працэнтаў старшакласнікаў бачаць сябе ў медыцыне. Гэта столькі, як і ў сферы ІТ і педагогіцы. Як вы ацэньваеце дадзены рэсурс? Ці ёсць яшчэ пункты росту?

— Гэта даволі высокі працэнт. І мы тое бачым па ўступнай кампаніі. Работа ў згаданым кірунку вядзецца пастаянна.

Асноўная мэта сёлетняй прыёмнай кампаніі — даць максімальныя магчымасці для нашых выпускнікоў і моладзі для паступлення ў ВНУ. І мэта, на мой погляд, дасягнутая. Вядома, усе вынікі яшчэ будуць аналізавацца міністэрствам з улікам пажаданняў абітурыентаў і іх бацькоў, наш універсітэт таксама будзе ўносіць свае прапановы па аптымізацыі ўступнай кампаніі. Хачу сказаць, што задачы, якія перад намі стаялі па бюджэтных месцах і па мэтавым прыёме, выкананыя.

— Наколькі апраўдвае сябе мэтавае накіраванне на вучобу, ці ёсць тут новая тэндэнцыя?

— Паступленне на мэтавую форму падрыхтоўкі ў нас апрабаваная, добра сябе паказала. План па прыведзеным кірунку даводзіўся даволі высокі — 50 працэнтаў бюджэтных месцаў павінны заняць мэтавікі. Сёлета пастаўлена задача аддаць мэтавікам 60 працэнтаў бюджэтных месцаў, а па педыятрыі — наогул 80 працэнтаў. Такая высокая планка заяўлена ўпершыню.

Калі раней бюджэтнікі і мэтавікі ішлі, што называецца, адным эшалонам, то сёлета мэтавікі пасля падачы дакументаў здавалі вусны экзамен па спецыяльнасці «біялогія». І паступалі па выніках дзвюх адзнак — сярэдняга бала атэстата і экзамену па біялогіі. Такім чына з 490 бюджэтных месцаў 320 належыць студэнтам-мэтавікам.

Хачу адзначыць, што праблем з наборам мэтавікоў ніколі не было. Гэтаму папярэднічае вялікая інфармацыйная работа. На жаль, часта ў грамадстве прысутнічае не зусім правільнае разуменне мэтавага прыёму. Некаторыя лічаць, што гэта амаль што «прыгоннае права». Як вядома, мэтавік абавязаны адпрацаваць пяць гадоў па размеркаванні. Але гэта не абавязкова адна і тая медыцынская ўстанова. Выпускнік можа пачаць, напрыклад, з раённай паліклінікі, а праз 3-4 гады працаваць ужо ва Універсітэцкай клініцы ў Гродне. Такой канкрэтнай прывязкі тут няма. Па-другое, могуць змяніцца сямейныя абставіны, у сувязі з чым мяняецца і месца работы, гэта можа быць і іншы рэгіён.

— Мне здаецца, што медыкі — адны з тых спецыялістаў, якія не пераходзяць у іншую прафесійную сферу, а трымаюцца сваёй прафесіі і надалей...

— Мы вывучаем, як нашы выпускнікі замацоўваюцца на першым месцы размеркавання. Што датычыць сістэмы аховы здароўя Гродзенскай вобласці, больш за 80 працэнтаў бюджэтнікаў і мэтавікоў застаецца працаваць і далей па месцы размеркавання. Гэта сведчыць аб тым, што мясцовыя органы ўлады зацікаўленыя ў маладых спецыялістах.

Вядома, ёсць і праблемы, ёсць дзесьці і цякучка маладых спецыялістаў, якія адпрацавалі і з’ехалі. Гэта ў пэўнай ступені віна мясцовых органаў улады, кіраўнікоў медыцынскіх устаноў. Своечасова не былі створаны ўмовы для стымулу, росту маладога спецыяліста, для яго самарэалізацыі. Лічу, калі да маладых спецыялістаў адносяцца належным чынам, дапамагаюць ім вырасці ў прафесійным плане, забяспечваюць неабходнай сацыяльнай інфраструктурай, тады яны застаюцца. Бо адчуваюць, што патрэбныя. Важную ролю тут адыгрывае сістэма настаўніцтва.

— Ці відавочная праблема адтоку кадраў за мяжу?

— Адток з прафесіі мінімальны. Хоць часам даводзіцца чуць пра масавы адток кадраў за мяжу. Міграцыя працоўных рэсурсаў заўсёды была. Што датычыць Гродзенскай вобласці, мы гэту сітуацыю сумесна з галоўным упраўленнем аховы здароўя адсочваем і бачым, што ніякага катастрафічнага адтоку кадраў з галіны няма. Так, з’язджаюць, але не сотні і не тысячы. Апошнім часам у нас многае зроблена для таго, каб павысіць заработную плату медыкам. Гэта таксама адзін са стымулаў у замацаванні маладых спецыялістаў. Як вядома, рашэннем Прэзідэнта пакінутыя ўсе «ковідныя надбаўкі», якія былі ў перыяд пандэміі. Гэта таксама важны стымул.

— Прафесія ўрача заўсёды была прэстыжнай, як, дарэчы, і вучоба ў медыцынскай ВНУ. Ці захоўваецца такая тэндэнцыя сёння?

— Бясспрэчна, імідж урача ў нашай краіне даволі высокі. Адпаведна, высокі імідж і нашай навучальнай установы. Аб гэтым сведчыць і той факт, што да нас прыязджаюць студэнты з 30 краін свету за прафесійнай падрыхтоўкай. Цяпер наша дэлегацыя знаходзіцца ў Індыі, дзе сустракаецца з патэнцыяльнымі абітурыентамі. Да перагавораў прыцягнуты і пасол Беларусі ў Індыі. Былі перагаворы ў Шры-Ланцэ.

Мы працуем над тым, каб пашырыць геаграфію краін, бо гэта і пазабюджэтныя даходы, і імідж нашай краіны за мяжой. Нашы выпускнікі-замежнікі працуюць больш чым у ста краінах свету. Праз асацыяцыю выпускнікоў мы атрымліваем вельмі добрыя водгукі аб якасці падрыхтоўкі нашых спецыялістаў. Нядаўна прадстаўнікі Індыі паведамілі, што ў 97 працэнтах выпадкаў выпускнікі Гродзенскага медуніверсітэта пацвярджаюць свой дыплом у розных краінах свету. Далёка не ўсе ўніверсітэты СНД і Еўропы маюць такі ўзровень. Сёлета ў нас 116 чалавек замежнікаў атрымалі дыпломы. На ўрачыстае ўручэнне прыязджалі родныя выпускнікоў і вельмі высока ацэньвалі якасць беларускіх урачоў. Таксама яны былі задаволеныя тым, што Беларусь — бяспечная для пражывання і вучобы краіна.

— Сёлетні год і ўступная кампанія асаблівыя яшчэ і ў юбілейным плане. Якраз днямі споўніцца роўна 65 гадоў з таго часу, калі 9 жніўня была падпісана пастанова Савета Міністраў БССР аб стварэнні ў Гродне медыцынскага інстытута, і на першы курс было залічана 250 чалавек. Сёння такая лічба ўдвая большая. Як будзе адзначацца юбілейная дата?

— Урачыстасці з нагоды юбілею пройдуць у верасні. Ужо складзены план святкавання. Пройдзе ў тым ліку маштабная міжнародная канферэнцыя. Хачу адзначыць, што Гродзенскі медуніверсітэт — адзіны ўніверсітэт Беларусі, які чатыры разы станавіўся лаўрэатам Прэміі Урада Беларусі.

Мы ганарымся тым, што за мінулыя гады тут атрымала прафесію звыш 26 тысяч выпускнікоў, якія працуюць у Беларусі і ў розных краінах свету. Іх дзейнасць атрымлівае пазітыўныя водгукі. Гэта сведчыць, што тыя традыцыі, якія былі закладзены падчас заснавання ўніверсітэта, тады яшчэ Гродзенскага медыцынскага інстытута, захоўваюцца і развіваюцца.

Маргарыта УШКЕВІЧ, "Звязда"

Фота ГрДМУ

Назад