У ГрДМУ прайшла рэспубліканская беларускамоўная дыктоўка
Традыцыйная рэспубліканская беларускамоўная дыктоўка была прысвечана Міжнароднаму дню роднай мовы. У ёй прынялі ўдзел студэнты, выкладчыкі і супрацоўнікі ўніверсітэта.
У гэтым годзе дыктоўка была прысвечана 100-годдзю з дня нараджэння вядомага пісьменніка Васіля Быкава. Удзельнікі пісалі ўрывак з аповесці «Трэцяя ракета».
– Сёння ва ўсім свеце святкуецца Дзень роднай мовы. Гэта цудоўная нагода яшчэ раз успомніць родную мову. Традыцыйна у гэты дзень Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт праводзіць розныя мерапрыемства. Адно з значных – напісанне дыктоўкі, – распавёў каардынатар правядзення дыктоўкі, старшы выкладчык рускай і беларускай моў Віктар Іванавіч Варанец, – удзел у ёй штогод прымаюць не толькі студэнты вну, але і супрацоўнікі, выкладчыкі. І гэта вельмі прыемна, што яны знаходзяць час на такое мерапрыемства.
Як адзначыў Віктар Іванавіч, пасля напісання дыктоўцы тэкст выводзіцца на экран і кожны ўдзельнік сам правярае колькасць памылак, калі такія ёсць. Мэта гэтага мерапрыемства заключаеца ў тым, каб не паставіць нейкую асабістую адзнаку, галоўны пасыл – яшчэ адзін раз пачуць родную мову, напісаць словы на ёй і ацаніць свае веды.
Таксама, у рамках напісання дыктоўцы адбылося ўзнагароджанне ўдзельнікаў конкурсу эсэ «МОВА МАЯ БЕЛАРУСКАЯ». Арганізатар конкурсу – літаратурны клуб «Катарсіс». Удзел прынялі больш за 30 чалавек – гэта студэнты, выкладчыкі, супрацоўнікі вну, а таксама навучэнцы сярэдніх школ Гродна. Пераможцы конкурсу атрымалі сертыфікат, а таксама памятныя падарункі.
Матэрыял падрыхтаваў аддзел па сувязях з грамадскасцю і маркетынгу
Фота: Таццяна Велёнда