Пресс-центр Новости

Віртуальны праект "Лісты з фронту" да 80-годдзя вызвалення Беларусі

07 августа 2024 — 14:15

Наша краіна ў гэтым годзе адзначыла 80-я гадавіну вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэтая падзея тычыцца кожнага жыхара краіны, яна аб’ядноўвае пакаленні. Вызваленне Беларусі і Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне, якая была дасягнута дзякуючы надзвычайнай стойкасці, гераізму, мужнасці і самаахвярнасці людзей, мае выключнае значэнне для беларускага народа. Патрыятычная барацьба ваеннага пакалення – гэта нацыянальны гонар беларусаў.

У Рэспубліцы Беларусь праводзіцца вялікая работа па ўвекавечванні і захаванні аб’ектыўнай гістарычнай памяці аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны. Вялікая роля ў гэтым належыць музеям.

Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеем да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў рэалізоўваецца абласны віртуальны праект “Лісты з фронту”. Віртуальны праект распрацаваны з мэтай фарміравання ў наведвальнікаў музея, у першую чаргу маладога пакалення, пачуцця патрыятызму і любові да Радзімы праз гісторыка-культурныя каштоўнасці – музейныя прадметы.

Удзельнікамі віртуальнага праекта з’яўляюцца ўсе дзяржаўныя музеі Гродзенскай вобласці. На сайце Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея змешчана старонка віртуальнага праекта “Лісты з фронту”, на якой з сакавіка па снежань 2024 года будуць публікавацца франтавыя лісты, лісты-трохкутнікі, франтавыя дзённікі, фотаздымкі ваеннага часу з надпісамі, паштовыя карткі і іншыя дакументы і матэрыялы, якія захоўваюцца ў фондавых зборах дзяржаўных музеяў Гродзеншчыны.

Падчас вайны лісты з фронту былі адзіным, што звязвала салдат з сем'ямі. Лісты праходзілі цэнзуру, іх гублялі, яны рваліся, але ўсё ж такі даходзілі да хаты. Там іх зачытвалі да дзірак, запамінаючы фразы на памяць. Хтосьці пісаў пра баі, хтосьці – пра надзеі на хуткую сустрэчу. Салдаты перадавалі прывітанні і запэўнівалі родных — перамога будзе хутка.


Пазнаёміцца з матэрыяламі віртуальнага праекта можна па спасылцы “Лісты з фронту”, якая таксама размешчана на сайтах усіх дзяржаўных музеяў Гродзенскай вобласці.

 

Назад