Студентам Студенческая жизнь Студенческий клуб Новости и события

“Глыток натхнення”

04 октября 2023 — 10:32

У рамках абласнога агляд-конкурса аматарскіх аб’яднанняў “Свет захапленняў” літаратурны клуб “Катарсіс” у сценах музея беларускай этнаграфіі Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта правёў прэзентацыю ўжо пятага літаратурнага зборніка “Глыток натхнення”, складзенага з твораў сяброў клуба.

У якасці гасцей на прэзентацыі прысутнічалі прадстаўнікі Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, кіраўнік студэнцкага клуба ГрДМУ А.М.Якіменка, студэнты ўніверсітэта. Пад час імпрэзы сябры клуба абмеркавалі пытанні вершаскладання, паэты пачыталі свае творы, празаікі расказалі, як нарадзіліся сюжэты іх апавяданняў, мастакі, чые малюнкі аздобілі зборнік, падзяліліся сакрэтамі жывапісу.

Затым вакальнае трыа студэнцкага клуба ГрДМУ выканала некалькі песень на вершы паэтаў “Катарсіса”, а акцёры тэатральнай студыі адыгралі ўрывак з п’есы “Тэлевізар”, напісанай Макарам Пашкевічам, таксама ўдзельнікам “Катарсіса”. Усяго ў стварэнні зборніка “Глыток натхнення” прынялі ўдзел дваццаць пяць аўтараў і тры мастакі. Кніга выдадзена мінскім выдавецтвам “Колорграф”, дзякуючы фінансавай дапамозе кіраўніцтва УА “Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт”, за што ім вельмі ўдзячны сябры “Катарсіса”.

Госці імпрэзы шчыра падзякавалі за яскравую прэзентацыю і пажадалі клубу і надалей плённай працы, а таксама выказалі пажаданне выкарыстаць творы, размешчаныя ў новым зборніку, пры складанні канцэртных праграм.

Кіраўнік літаратурнага клуба “Катарсіс” Віктар Варанец

 

Назад