Нацыянальны каларыт і бязмежная творчасць. Які ён, народны тэатр танца “Альма Дэа” ГрДМУ
5 снежня ў актавай зале адбылася прэзентацыйная праграма тэатр танца “Альма Дэа” на пацвярджэнне статусу “Народны аматарскі калектыў”.
Народны тэатр танца “Альма Дэа” створаны ў 1982 годзе ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце пад кіраўніцтвам выдатнага харэографа Тамары Аляксандраўны Цвятковай. Неаднаразова калектыў змяняў сваю назву: “Каскад”, “Акцэнт” і, нарэшце, “Альма Дэа” (духоўная багіня).
З 2007 па 2018 год кіравала калектывам Наталля Генадзьеўна Ваяводская. З яе імем звязаны творчы росквіт калектыву, удзел і перамогі ў шматлікіх фестывалях і конкурсах. У 2011 годзе тэатру танца “Альма Дэа” прысвоена найменне “Народны аматарскі калектыў”. З 2012 года балетмайстрам народнага тэатра танца “Альма Дэа” працавала Таццяна Анатольеўна Капітонава.
З 2018 года паспяхова кіруе калектывам Лілія Мікалаеўна Якоўчык, балетмайстар – Алёна Сяргееўна Бойка.
На сённяшні дзень агульная колькасць удзельнікаў народнага тэатра танца “Альма Дэа” складае 23 чалавекі. Гэта лепшыя студэнты розных факультэтаў.
Рэпертуар калектыву складаюць беларускія і рускія народныя танцы, танцы народаў свету, харэаграфічныя кампазіцыі, стылізавана-народныя і эстрадныя танцы. Прыгожыя, незвычайныя, яскравыя танцавальныя нумары садзейнічаюць творчаму росту харэаграфічнага калектыву. У рэпертуары тэатра танца каля 50 харэаграфічных пастановак.
Найбольш яскравыя з іх: кадрыля “Забава”, харэаграфічныя кампазіцыі: “Веснавыя забавы”, “Русалкі”, “Слуцкія ткачыхі”, харэаграфічная замалёўка “Шацёр” – пастаноўка Н. Ваяводскай; “У-ля-ля” – пастаноўка Т. Бубновіч; харэаграфічныя замалёўкі: “Сонейка”, “Смуглянка”, “Лірычны карагод” – пастаноўка Л. Якоўчык і інш.
Рэпертуар народнага тэатра танцу штогадова аднаўляецца, харэаграфічныя пастаноўкі становяцца ўсё ярчэй і цікавей. Значную ролю ў пастаноўках харэаграфічных кампазіцый адыгрывае таксама і музычны матэрыял, яго апрацоўка і запіс фанаграм. Кожны год для калектыва набываюцца новыя сцэнічныя касцюмы і абутак. Сваімі рукамі ўдзельнікі тэатра танца ўпрыгожваюць сукенкі і камізэлькі, плятуць вяночкі.
Творчае жыццё калектыву заўсёды насычанае і шматпланавае. Канцэртная дзейнасць займае значнае месца ў рабоце тэатра танца. Ні адна ўніверсітэцкая імпрэза ці свята не абыходзіцца без удзелу калектыва. Тэатр танца “Альма Дэа” цесна супрацоўнічае з мастацкімі калектывамі ўстановы адукацыі “Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў”, удзельнічае ў сумесных праектах, святочных канцэртах, дзяржаўных экзаменах.
Народны тэатр танца “Альма Дэа” – актыўны ўдзельнік фестываляў-конкурсаў гарадскога, абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў: Рэспубліканскі фестываль харэаграфіі ў г. Мінск, Рэспубліканскі конкурс мастацкай творчасці студэнтаў “АРТ-вакацыі” ў г. Віцебск, Рэспубліканскі конкурс мастацкай творчасці студэнтаў “АРТ-вакацыі” ў г. Мінск, гарадскі фестываль мастацкай творчасці “Студэнцкая вясна” ў г. Гродна, адкрыты танцавальны фестываль “Юнацтва, энергія, творчасць” у г. Гродна, гарадское свята танца “Движение – кладовая жизни”, адкрыты абласны фестываль танца “Гарадзенскія карункі”, адкрыты танцавальны фестываль “Юнацтва, энергія, творчасць” у г. Гродна, адкрыты рэгіянальны фестываль-конкурс дзіцячай аматарскай харэаграфічнай творчасці “Хрустальный башмачок” у г. Ліда, Міжнародны фестываль харэаграфічнага мастацтва “Сожскі карагод” у г. Гомель, абласны этап Рэспубліканскага агляду-конкурсу мастацкіх калектываў і індывідуальных выканаўцаў вышэйшых навучальных устаноў “АРТ-вакацыі” ў г. Гродна, Міжнародны фестываль “Бурштынавы шлях” у Рэспубліцы Польшча, Рэспубліканскі прафсаюзны форум студэнцтва “Студэнцкая восень” у г. Мінск, VIІІ Міжнародны фестываль танца паміж вышэйшымі навучальнымі ўстановамі ў г. Віцебск, абласны конкурс танцавальных калектываў “Скокі ва ўсе бокі” (2021 год), Рэспубліканскі конкурс мастацкай творчасці студэнтаў “АРТ-вакацыі” ў г. Мінск (2022 год) і інш.
У калектыве пануе атмасфера сяброўства і ўзаемаразумення. Удзел у калектыве з’яўляецца для студэнтаў адным з фактараў развіцця духоўнай культуры і правядзення вольнага часу.