Другі выпуск літаратурнай гасцёўні, прысвечанай 65-годдзю Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта
Шаноўнае спадарства! Сёння на старонках другога выпуску літаратурнай гасцёўні, прысвечанай 65-годдзю Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта, вы сустрэнеце новыя прозвішчы сяброў літаратурнага клуба “Катарсіс”.
Яўгенія Белагур у сваёй творчасці аддае перавагу міфалагічнай і філасофскай тэматыцы. Яна імкнецца праз прызму гісторыі зазірнуць у будучае, зразумець існасць нашага існавання на свеце. У той жа час Дзіяна Гарыслаўская лічыць, што менавіта добрыя міжчалавечыя адносіны, сяброўства і каханне здольны перетварыць наш свет у ідэальны, зрабіць кожнага значна лепшым. І гэтаму яна прысвячае большасць сваіх вершаў. У лірыцы Анастасіі Беразовай выразна гучаць матывы Пушкіна, Някрасава, Фета. Вершы поўняцца душэўнасцю, лёгкім сумам. Прыгожыя метафары, правільна падабраныя эпітэты ствараюць у чытача цудоўны лірычны настрой. Падобныя ноткі адчуваюцца і ў вершах Арцемія Полудня. Замілаванне роднымі краявідамі, сапраўдная любоў да беларускага краю гучаць літаральна ў кожным радку паэта. А добрая, вобразная беларуская мова верша толькі дапаўняе агульны ўзвышаны настрой у чытача.
Прозу гэтым разам прадстаўляюць два аўтары. Для Яўгеніі Пратасені больш блізкі жанр эсэ. У некалькіх радках яна яскрава перадае настрой, пачуцці, прымушае задумацца чытача, адчуць тыя ж перажыванні, што ўласцівы пісьменніцы. Макар Пашкевіч у сваёй творчасці пастаянна эксперыментуе. З-пад яго пяра выходзяць творы ў жанры фэнтэзі, сюррэалізму, постмадэрнізму. Ён піша і апавяданні, і п’есы. І часта звычайны сюжэт нясе непрадказальны фінал.
Запрашаем шаноўнага чытача да добрай чытанкі!
Кіраўнік літаратурнага клуба “Катарсіс” В.І.Варанец