Студентам Студенческая жизнь Літаратурны клуб Навіны і аб'явы

“Катарсіс” адчыняе “Літаратурную гасцёўню”

12 сентября 2022 — 15:40

Шаноўнае спадарства! Паступова набліжаецца 65-годдзе нашага ўніверсітэта. Да юбілейнай гадавіны літаратурны клуб “Катарсіс” адчыняе “Літаратурную гасцёўню”, на старонках якой мы ўвесь год будзем знаёміць вас з лепшымі вершамі і апавяданнямі сяброў клуба – студэнтаў і выкладчыкаў ГрДМУ.

Спадзяемся, што глыток добрай літаратуры ўздыме вам настрой, а некага, магчыма, падштурхне і да самастойнай творчасці. Таксама просім падзяліцца сваімі ўражаннямі ад прачытанага, вызначыць, што прышлося даспадобы, а што пакінула абыякавым. Гэта дапаможа ў будучым нашым аўтарам.

У першым выпуску “Літаратурнай гасцёўні” (пераходзьце па спасылцы) прымаюць удзел вельмі розныя па тэматыцы, эмацыянальным настроі, жанравасці творы.

Верш Мікіты Валько стылістычна напісаны ў традыцыях класічных вершаў Цютчава, Фета. Падвышаная лексіка, павольны, мелагучны рытм, яркая вобразнасць. Вы непрыкметна трапляеце ў цудоўную атмасферы залатога века рускай паэзіі.

Верш Лізаветы Базыльчык адлюстроўвае класічную тэму беларускай лірыкі: захапленне прыродай, непаўторнымі краявідамі Радзімы. Адчуваецца ў кожным радку любоў да сваёй зямлі, гонар за Айчыну. Паэтка не хавае свае ўзвышаныя пачуцці. І гэта вельмі адчуваецца і ў кароткім, амаль рубаны рытме верша, і ў простай назоўнікавай рыфме.

Яўгенія Хільмановіч – паэтка філасофскага плану. Яе вершу ўласціва глыбокая вобразнасць, непаўторная індывідуальнасць. Чытач імгненна адчувае жаданне спыніцца, агледзецца, задумацца аб існасці нашага існавання. Рытмічныя паўторы зноў і зноў вяртаюць нас да ўнутранай напружанасці, энергетыкі верша.

Прыгажосцю і насычанасцю эпітэтаў, метафар прываблівае чытача верш Віты Філіповіч. Лёгкія, узнёслыя радкі перамяжоўваюцца з філасофскім падтэкстам верша. І такі сімбіёз дазваляе пранікнуць у свядомасць чытача, зачапіць яго пачуцці.

Проза прадстаўлена сёння апавяданнем Пелагіі Завіленчык “Девочка из джунглей”. Кожная старонка прасякнута кіплінгаўскімі інтанацыямі, душэўнай пранікнёнасцю і, нягледзячы на досыць драматычны пачатак, абавязковым фінальным аптымізмам.

Добрага ўсім чытання! Чакаем і вашы творы! Наш адрас: katarsis@grsmu.by

    З павагай, кіраўнік літаратурнага клуба “Катарсіс” В.І.Варанец

 

Назад