КОЛАСАЎСКІЯ ДНІ Ў ГрДМУ
З нагоды 140-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа літаратурны клуб “Катарсіс” правёў у сценах Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Коласаўскія дні. Разнастайныя і змястоўныя мерапрыемствы дазволілі студэнтам і выкладчыкам яшчэ раз дакрануцца да багатай спадчыны класіка беларускай літаратуры. У рамках святкавання юбілею быў арганізаваны конкурс эсэ “Мае роздумы аб Якубе Коласе”. У сваіх працах маладыя людзі падзяліліся ўражаннямі ад творчасці юбіляра, назвалі свае любімыя творы, прыгадалі абставіны, калі ўпершыню сутыкнуліся з паэзіяй і прозай Канстанціна Міхайлавіча.
Былі праведзены навуковыя чытанні, прысвечаныя творчасці Якуба Коласа. Студэнты падрыхтавалі змястоўныя даклады, у якіх паспрабавалі прааналізаваць тыя ці іншыя адметныя моманты ў багатай спадчыне пісьменніка.
Вялікую цікавасць выклікаў квэст “Пуцявінамі Коласа”, пад час якого студэнты павінны былі ўспомніць творы пісьменніка і знайсці ў музеі этнаграфіі прадметы побыту, адлюстраваныя ў творах Коласа.
Шмат эмоцый вылікала чытанне паэмы “Новая зямля” на беларускай мове навучэнцамі факультэта замежных студэнтаў. І няхай не ва ўсіх атрымалася аднолькава добра, але сам факт дакранання да нацыянальнай мовы беларусаў заслугоўвае павагі.
Літаратурны клуб “Катарсіс” выказвае словы ўдзячнасці клубу інтэрнацыянальнага сяброўства “Эўрыка” за дапамогу ў арганізацыі чытання паэмы “Новая зямля”!
Кіраўнік літаратурнага клуба “Катарсіс” В.І.Варанец