Нягледзячы на тое, што дваццаць першае стагоддзе – час прагматычных тэхнакратаў і нанатэхналогій, ёсць у ім месца і літаратуры, жывапісу, музыцы. Сучасны чалавек не можа назваць своё жыццё паўнавартасным без адвечных духоўных каштоўнасцяў. І вельмі прыемна адзначыць, што студэнты-медыкі арганічна сумяшчаюць у сабе практыцызм будучай прафесіі і мастацкія скарбы духоўнага жыцця. І дапамагае ім у гэтым аматарскае аб’яднанне – літаратурны клуб Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.
Гісторыя існавання клуба, які да 2024 г. меў назву “Катарсіс”, бярэ пачатак з 1999 г. Ў адной з аўдыторый Гродзенскага медыцынскага інстытута сабраліся сямёра студэнтаў і два выкладчыкі і вырашылі стварыць літаратурны клуб, каб было, дзе апрабіраваць свае вершы і прозу на слухачах, паслухаць іншых аўтараў, абмеркаваць тыя ці іншыя літаратурныя навінкі. Так нарадзіўся літаратурны клуб і тут жа абзавёўся першай легендай. Паколькі назва клуба не прыдумвалася, вырашылі адкласці гэтае пытанне на потым. А пакуль проста пачытаць свае вершы, паспрачацца па пытаннях літаратуры. І так усім гэты працэс спадабаўся, што, ужо разыходзячыся, нехта з задавальненнем вымавіў:
– Як жа добра пасядзелі! Проста катарсіс душэўны.
Тут усе і зразумелі: вось яна, назва! З таго дня клуб і называўся “Катарсіс”. Кіраўніком клуба быў абраны старшы выкладчык кафедры рускай і беларускай моў Варанец Віктар Іванавіч. Інфармацыя пра клуб хутка распаўсюдзілася па ўсім універсітэце, і неўзабаве на пасяджэнні сталі збірацца больш за дваццаць чалавек. Ужо праз год выдалі свой першы зборнік вершаў «Вечные каникулы». Так пачыналася гісторыя клуба.
«Катарсіс» стаў адным з добра вядомых літаратурных аб’яднанняў у Беларусі. За час існавання клубам пры падтрымцы кіраўніцтва УА «Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт» былі выдадзены калектыўныя зборнікі вершаў і прозы “Гіпакратавы ваганты”, “Вечар пятніцы”, “Менестрэлі Асклепія”, “Глыток натхнення”. Творы сябраў клуба можна знайсці на старонках газет “Эскулап”, “Вячэрні Гродна”, “Літаратура і мастацтва”, у часопісе “Маладосць”, “Полымя”, “Западная Двина”.
Штогод праводзіцца адкрыты літаратурны конкурс клуба. Сябры клуба часта выступаюць як у сценах роднага ўніверсітэта, так і ў іншых установах і арганізацыях Гродна. Яны актыўна ўдзельнічаюць ў розных літаратурных конкурсах. І робяць гэта паспяхова. Так, пачынаючы з 2012 года клуб прымае удзел у самым прэстыжным Рэспубліканскім літаратурным конкурсе «Аўтограф» сярод студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў Беларусі. Конкурс праводзіцца раз на два гады. Толькі на конкурсе “Аўтограф-2022” нашы маладыя літаратары атрымалі 24 дыпломы пераможцаў і прызёраў у розных намінацыях.
У скарбоцы клуба цесныя сувязі з музеем Максіма Багдановіча, абласной бібліятэкай імя Я.Карскага, літаратурна-творчыя мерапрыемствы: “Літрэкс”, “Літаратурны Гродна”, “У пошуках рыфмы” і інш. Было наладжана супрацоўніцтва з Гродзенскім аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі. Створаны некалькі відэафільмаў пра дзейнасць клуба «Катарсіс». Клуб актыўна прымаў ўдзел у рэспубліканскіх і абласных мерапрыемствах: Дзень беларускага пісьменства ў Слоніме, Гродзенскі літфэст, абараняў гонар Гродзеншчыны на конкурсе маладых паэтаў Беларусі.
У 2024 г. змяніўся кіраўнік літаратурнага клуба (ім стала загадчык кафедры рускай і беларускай моў Пусташыла Алена Пятроўна), і было вырашана змяніць назву клуба на “Scriptum”, што на лацінскай мове значыць ‘тое, што напісана, сачыненне, тэкст, кніга’.
Штогод рады літаратурнага клуба папаўняюць таленавітыя першакурснікі, рэалізуюцца новыя планы і задумкі.
Хацелася б звярнуцца да ўсіх жадаючых усталяваць кантакт з нашым клубам. Пішыце на адрас litclub@grsmu.by. Мы заўсёды рады новым сябрам!